Ціханоўская заклікала Італію падтрымліваць працэс вызвалення палітвязняў
Рэдакцыя Reform.news · 13 лістапада 2026, 10:58
https://reform.news/be/cihano-skaja-zaklikala-italiju-padtrymlivac-pracjes-vyzvalennja-palitvjaznja/Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэм’ер-міністрам Італіі Джорджай Мелоні расійска-ўкраінскую вайну, будучыню еўрапейскай бяспекі і вызваленне беларускіх палітвязняў. Сустрэча адбылася 12 лістапада на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне.
Лідар дэмсіл падкрэсліла, што Беларусь не павінна стаць разменнай манетай на мірных перамовах і застацца пад кантролем Расіі, а мір ва Украіне павінен быць справядлівым і ўстойлівым. Паводле яе слоў, нельга дапусціць новага падзелу Еўропы на сферы ўплыву, пры якім Беларусь застанецца пад расійскім кантролем.
«Нельга саступаць патрабаванням дыктатараў. Еўропа павінна вылучаць выразныя ўмовы і цвёрда адстойваць свае прынцыпы. Беларусь не павінна стаць разменнай манетай на перамовах. Без незалежнай Беларусі не будзе трывалага міру і бяспекі ў нашым рэгіёне», – заявіла палітык.
Ціханоўская адзначыла важнасць гуманітарных намаганняў ЗША па вызваленні палітвязняў і заклікала падтрымліваць гэты працэс. Пры гэтым яна падкрэсліла, што вызвалення асобных людзей недастаткова. Неабходна дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі.
Палітык падзякавала Італіі за падтрымку дэмакратычнай Беларусі і Украіны, а таксама за абарону еўрапейскіх інтарэсаў і каштоўнасцяў.
«Мы, беларусы, таксама еўрапейцы і вельмі цэнім ролю Італіі. Нас звязваюць не толькі агульныя каштоўнасці, але і агульная будучыня. У Італіі жыве шмат беларусаў, дзейнічае актыўная дыяспара, адкрыты беларускі цэнтр. На працягу дзесяцігоддзяў італьянскія сем’і прымалі беларускіх дзяцей на аздараўленне. І сёння Італія працягвае падтрымліваць нашу барацьбу за свабоду. Мы гэтага не забываем», – падкрэсліла Ціханоўская.
