Праваабаронцы: у Віцебскай вобласці сілавікі не аддаюць пратаколы ператрусу з-за «таямніцы асабістых даных»
Рэдакцыя Reform.news · 6 лістапада 2026, 21:15
https://reform.news/be/pravaabaroncy-u-vicebskaj-voblasci-silaviki-ne-addajuc-pratakoly-peratrusu-z-za-tajamnicy-asabistyh-danyh/У Віцебскай вобласці сілавікі адмаўляюцца аддаваць копіі пратаколаў ператрусу, спасылаючыся на «парушэнне таямніцы асабістай інфармацыі». Праваабаронцам з «Віцебскай вясны» вядома пра некалькі такіх выпадкаў.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, апошнім часам некалькім жыхарам вобласці сілавікі адмовіліся пакінуць копію пратакола ператрусу і спіс вынятых рэчаў, бо там запісаныя асабістыя даныя супрацоўнікаў, а значыць, перадача дакументаў парушыць таямніцу асабістай інфармацыі.
Пратакол ператрусу — адзіны афіцыйны дакумент, які пацвярджае сам факт ператрусу, змяшчае поўны спіс вынятых рэчаў і фіксуе зробленыя заўвагі, адзначаюць праваабаронцы. У дакуменце змяшчаюцца толькі імёны, прозвішчы і пасады супрацоўнікаў, якія праводзілі ператрус, без іх хатніх адрасоў.
Пры адсутнасці пратакола ператрусу існуе рызыка падмены або страты канфіскаваных рэчаў, праблемы з вяртаннем маёмасці. Таксама чалавек пазбаўляецца права на абскарджанне дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
