Kyiv Independent: Коўл спрабуе адкрыць літоўскія парты для беларускага калію без шырокай падтрымкі ў Вашынгтоне
Рэдакцыя Reform.news · 6 лістапада 2026, 09:49
https://reform.news/be/kyiv-independent-ko-l-sprabue-adkryc-lito-skija-party-dlja-belaruskaga-kaliju-bez-shyrokaj-padtrymki-vashyngtone/Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл дамагаецца адкрыцця літоўскіх партоў для беларускіх калійных угнаенняў без шырокай падтрымкі ў амерыканскай адміністрацыі. Пра гэта піша Kyiv Independent са спасылкай на амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.
Суразмоўцы выдання апісваюць намаганні Коўла як яго незалежную ініцыятыву, а не прасоўванне ўзгодненай палітыкі на ўзроўні краіны. Яго спробы не знаходзяць шырокай падтрымкі ўнутры адміністрацыі.
Еўрапейскі чыноўнік расказаў выданню, што ініцыятыва дазволіць экспарт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву зыходзіць выключна ад Коўла. Літва не плануе змяняць сваю пазіцыю. Таксама крыніца адзначыла, што Дзярждэпартамент ЗША ніколі не ўзнімаў пытанне транзіту ў размовах з прадстаўнікамі Літвы.
Прадстаўнік урада ЗША аналагічным чынам ахарактарызаваў гэтую прапанову як “самастойную ініцыятыву” Коўла, заявіўшы, што ні Дзярждэпартамент, ні адміністрацыя ў цэлым не праводзяць падобную палітыку. Суразмоўцы выдання з ЗША адзначылі, што знешнепалітычныя ініцыятывы ў адміністрацыі Трампа часта дрэнна скаардынаваныя. Кар’ерныя дыпламаты і Дзярждэпартамент не заўсёды ведаюць пра ініцыятывы спецыяльных пасланнікаў прэзідэнта. Разам з тым суразмоўцы выдання выступілі ў абарону зняцця амерыканскіх санкцый у дачыненні да беларускага калію.
