Reform.news

Ціханоўская на Дзяды заклікала перадаваць сямейныя гісторыі наступным пакаленням

Рэдакцыя Reform.news · 1 лістапада 2026, 12:51

https://reform.news/be/cihano-skaja-na-dzjady-zaklikala-peradavac-sjamejnyja-gistoryi-nastupnym-pakalennjam/

Святлана Ціханоўская у сувязі з Днём памінання продкаў заклікала беларусаў успамінаць памерлых блізкіх і перадаваць сямейныя гісторыі наступным пакаленням. Яна адзначыла, што памяць пра блізкіх захоўваецца не толькі ва ўспамінах, але і ў паўсядзённых звычках, сямейных рэцэптах і выразах, якія людзі пераймаюць ад бацькоў і старэйшых сваякоў.

«На Дзяды асабліва хочацца пачуць галасы тых, каго ўжо няма побач. Бывае, прыгатуеш што-небудзь па бабуліным рэцэпце і ўспомніш, як яна завіхалася на кухні. Або пачуеш знаёмы выраз і ўсміхнешся: так жа дзядуля казаў. Саміх людзей ужо няма побач, а столькі ўсяго ад іх засталося ў нашым жыцці. Нават у тым, як мы сустракаем гасцей або клічам дзяцей вячэраць.

На Дзяды мы збіраемся, каб успомніць іх. Бабулю і дзядулю, бацькоў, сяброў, суседскую цётку, якая ведала нас з дзяцінства і заўсёды частавала чым-небудзь смачным. Успамінаем, якімі яны былі, што любілі, як умелі суцешыць. Часам плачам, часам смяёмся з гісторыі, якую ўжо столькі разоў чулі. І радуемся, што побач ёсць нехта, хто таксама яе памятае.

Мне вельмі хочацца, каб у такіх размовах удзельнічалі і нашы дзеці. Каб яны маглі распытаць нас, разам пагартаць сямейны альбом, даведацца, чыю ўсмешку або характар атрымалі ў спадчыну. Каб людзі, якіх яны, магчыма, ніколі не бачылі, сталі для іх блізкімі”, – адзначыла яна.

Лідар дэмсіл падкрэсліла, што праз успаміны, песні і сямейныя звычаі з пакалення ў пакаленне перадаецца частка беларускай культуры.

“Калісьці нашы старэйшыя дакладна гэтак жа перадавалі нам свае ўспаміны, песні і сямейныя звычаі. Дзякуючы гэтай любові і клопату праз пакаленні захавалася так шмат нашага, беларускага. І цяпер мы самі можам перадаць гэта далей.

Сёння не ўсе могуць прыехаць на магілы блізкіх або сабрацца ў бацькоўскім доме. Але можна зладзіць свой вечар памяці там, дзе вы цяпер. Прыгатаваць што-небудзь знаёмае з дзяцінства, запаліць свечку, паклікаць блізкіх. Пачаць з простага: «А памятаеце?..» Або расказаць тое, чаго за гэтым сталом яшчэ ніхто не чуў.

У кожнай сям’і будуць свае імёны і гісторыі. А па ўсёй Беларусі і далёка за яе межамі ў гэтыя вечары людзі будуць успамінаць сваіх. Ад гэтага мне асабліва цёпла: мы ў розных месцах, але так шмат у нас агульнага. Давайце захаваем гэта. Каб і праз шмат гадоў нашы ўнукі запрашалі сваіх блізкіх: «Прыходзьце. Сёння Дзяды», – заклікала Ціханоўская.

Рэклама

Пакінуць адказ