Reform.news

Радрыгес паабяцала правесці выбары ў Венесуэле

Рэдакцыя Reform.news · 30 кастрычніка 2026, 08:40

https://reform.news/be/radryges-paabjacala-pravesci-vybary-venesujele/

Часовая прэзідэнтка Венесуэлы Дэлсі Радрыгес выступіла са зваротам, у якім паабяцала правесці выбары ў краіне.

«Выбары адбудуцца. Усе тыя, якія прадугледжаныя нашай Канстытуцыяй, арганізаваныя абноўленым выбарчым органам і пад назіраннем усяго свету», – сказала яна.

Тэрміны правядзення выбараў не былі названыя. Паводле слоў Радрыгес, «палітычны гарызонт» краіны не павінен вызначацца выключна датай у календары, а шэрагам папярэдніх умоў. Сярод іншага яна згадала прававую рэформу, а таксама тое, што выбары не пагоршаць існуючыя канфлікты.

«Выбары не павінны стаць праблемай і не павінны вяртаць нас да часоў канфрантацыі», – дадала яна.

Радрыгес таксама згадала, што вядуцца перамовы з прадстаўнікамі Нацыянальнай асамблеі, абранымі ў 2015 годзе. Яны датычацца ў тым ліку палітычных гарантый для будучых электаральных працэсаў, рэформы Вярхоўнага суда і інш.

Часовая прэзідэнтка таксама падкрэсліла, што яна лепш за ўсё справіцца з трансфармацыяй сістэмы, таму што ведае яе знутры.

Зварот Радрыгес быў апублікаваны за некалькі хвілін да пачатку першай прэс-канферэнцыі лідаркі апазіцыі і лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру Марыі Карыны Мачада, якая ў нядзелю вярнулася ў Венесуэлу. Яна патрабуе правядзення выбараў у 2027 годзе.

Мачада вітала словы Радрыгес пра выбары, але не пагадзілася з тым, хто павінен ажыццяўляць рэформы ў краіне.

«Яны ператварылі Венесуэлу ў прытулак для злачынных груповак і міжнароднай мафіі. Тыя, хто выслаў больш за 9 мільёнаў венесуэльцаў і разбурыў сем’і, падвергнуўшы іх голаду, прыніжэнню і болю, цяпер кажуць, што збіраюцца пабудаваць сістэму, у якой будзе панаваць справядлівасць», – сказала яна.

Мачада пры гэтым будзе ўдзельнічаць у мерапрыемствах урада і апазіцыі, мэтай якіх будзе арганізацыя выбараў.

Рэклама

Пакінуць адказ