Праваабаронцы папярэдзілі пра падробленыя чат-боты «Гомельскай вясны»
Рэдакцыя Reform.news · 25 кастрычніка 2026, 17:58
https://reform.news/be/pravaabaroncy-papjarjedzili-pra-padroblenyja-chat-boty-gomelskaj-vjasny/Праваабаронцы «Гомельскай вясны» папярэдзілі пра фэйкавыя чат-боты ў Telegram, якія могуць выкарыстоўвацца для пераследу людзей, што звяртаюцца па дапамогу.
Паводле іх інфармацыі, у месенджары выявілі два падробленыя чат-боты з назвамі «Гомельская вясна» і аватарам, выкарыстаным у сапраўдным Telegram-канале.
У «Гомельскай вясне» мяркуюць, што боты маглі стварыць супрацоўнікі сілавых структур, каб выяўляць людзей, якія звяртаюцца да праваабаронцаў па дапамогу, і пасля пераследаваць іх. Праваабаронцы падкрэслілі, што ў арганізацыі ёсць толькі два афіцыйныя каналы сувязі: чат-бот Homiel_Bot і Telegram-акаўнт гомельскага аддзялення «Вясны».
Яны таксама нагадалі, што беларускія ўлады абвясцілі праваабарончыя арганізацыі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а звароты да іх сілавыя структуры могуць трактаваць як «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».