Reform.news

На фестывалі Pradmova літаратары і выдаўцы паразважалі на тэму «Як быць Еўропай?»

Reform.news · 17 кастрычніка 2026, 10:44

https://reform.news/be/na-festyvali-pradmova-litaratary-i-vyda-cy-parazvazhali-na-tjemu-jak-byc-e-ropaj/

16 кастрычніка ў Вільні пачаўся фестываль Pradmova, на якім беларускія літаратары і выдаўцы паразмаўлялі на тэму «Як быць Еўропай?».

«Беларусь – таксама Еўропа, ейны цэнтр знаходзіцца пад Полацкам. Але ў Еўразвязе беларусы ўсё яшчэ пачуваюць сябе не сваімі», – так было акрэслена праблематыка дыскусіі.

У дыскусіі паўдзельнічалі франка-беларуская пісьменніца Алена Глухава, выдавец і літаратар Дзмітрый Строцаў. Мадэраваў размову Сяргей Шупа.

Літаратурная «партызанка»

«З прычыны таго, што Беларусь доўгі час знаходзілася ў расійскай цывілізацыйнай і культурнай прасторы, беларусы часта глядзяць на Еўропу расійскімі вачыма. А Расія сябе з Еўропай вельмі цяжка асацыюе», – распачаў гутарку Сяргей Шупа.

Прынамсі, Беларусь інтрыгуе і цікавіць. Алена Глухава расказала, што калі французскі выдавец даведаўся пра беларускі фестываль Pradmova, ён вельмі зацікавіўся магчымасцю перакладаў. «З такіх кропкавых інтарэсаў вырастаюць больш значныя справы», – мяркуе пісьменніца.

Дзмітрый Строцаў падмацаваў гэта назіранне гісторыяй стварэння ў Італіі Анталогіі сучаснай беларускай паэзіі. Праз шэраг знаёмстваў яго італьянскія калегі зацікавіліся Беларуссю і вырашылі выдаць пераклады нашых вершаў на італьянскую. Знайшлося выдавецтва, якое датуль спецыялізавалася на перакладах з расійскай мовы. «Калі людзі з выдавецтва ўбачылі нашыя пераклады, яны сказалі, што гэта вельмі цікава, гэта нешта новае для нас, мы зробім асобную серыю «Незнаёмая Усходняя Еўропа». На падставе гэтай анталогіі мы будзем перакладаць і выдаваць літоўскую, латышскую літаратуры», – згадаў Дзмітрый Строцаў.

Гэта выдавецтва ўжо выдала пераклады Алеся Разанава на нямецкай і італьянскай мовах і адкрытае да новых прапаноў.

Таксама ёсць прыклад нарвежскай анталогіі. У Берліне плануюцца семінары беларускіх перакладчыкаў, у якім прымуць удзел каля 20 перакладчыкаў з дзясятка еўрапейскіх краін. Да арганізацыі падключыўся беларускі ПЭН, а таксама Саюз перакладчыкаў Нарвегіі, Польскі інстытут і Інстытут Пілецкага ў Берліне. Але спачатку гэта была проста сяброўская дамова.

«Што я хачу сказаць: няма ніякіх беларускіх дзяржаўных устаноў, якія могуць нас далучыць да Еўропы. Ёсць толькі прафесійная супраца і асабістая зацікаўленасць. Без гэтага ніякія крокі немагчымыя», – падсумаваў Строцаў.

Ва Усходняй Еўропе за перакладамі кніг часта стаяць дзяржавы, напрыклад, у мінулым годзе прайшоў семінар літоўскіх перакладчыкаў, аплачаны літоўскай дзяржавай, – згадаў Сяргей Шупа. У Беларусі гэтым няма каму займацца. Усё, што ёсць – гэта «наша ўпартая партызанская барацьба, імкненне пратрымацца ў гэтым свеце і проста не закрыць беларускую брамку татальна. І дачакацца, калі вернецца дзяржава, якая сапраўды зоймецца, тым, чым яна абавязана займацца».

«Незразумела, нам засмучацца ці радавацца ва ўсёй гэтай сітуацыі, – запытаўся Сяргей Шупа. – Засмучацца, што дзяржава ніякім бокам не дапамагае, а нават моцна замінае, калі згадаць, як яна раздае “экстрэмісцкія“ статусы. Або радавацца, што нягледзячы на ўсё, толькі тут – на гэтым фестывалі – можна налічыць з паўтысячы найменняў кніжак. Нас не так лёгка задушыць, закапаць, мы прарастаем. Нават у такой сітуацыі. І гэтая нашая паралельная культура захоўвае беларускасць. І замяняе сабой цэлую дзяржаву, цэлыя інстытуты, розныя структуры, якіх у дзяржаве цяпер няма… Партызанскі мускул у нас нарошчаны даволі моцны».

«Калі няма афіцыйных структур, размова ідзе пра такія партызанскія абыходныя шляхі, якія трэба ствараць, – падтрымала думку Алена Глухава. – Я прыдумала тэрмін «зыбкая супольнасць». У ёй наша сіла… Другі момант: размова ідзе пра калектыўныя праекты. Я ведаю прыклады, калі людзі, якія не размаўляюць на літоўскай мове, удзельнічалі ў перакладзе анталогіі літоўскай паэзіі. Гэта заўсёды калектыўная праца».

Памежжа як прастора сустрэчы

«Беларусь – безумоўна Еўропа. Але як навучыць беларусаў быць еўрапейцамі, як становяцца еўрапейцамі, які шлях вы самі прайшлі і што б прапанавалі?» – запытаўся мадэратар.

«Еўрапейскасць – гэта пра адкрытасць да іншасці, – мяркуе Алена Глухава. – Мне важна расказваць пра Беларусь, але трэба, каб мой вопыт было магчыма падзяліць. І мне здаецца, быць еўрапейцам, гэта быць гатовым падзяліць свой досвед і гатовым быць уключаным у супольнасць. І быць гатовым супрацоўнічаць… Для мяне быць еўрапейкай – гэта быць франка-беларускай».

“Гэта пытанне з падвохам, – патлумачыў Сяргей Шупа. – Таму што сёння еўрапейскасць і еўрапейская ідэнтычнасць перажываюць даволі моцны крызіс, якога не было, можа, сотні гадоў, але мы не будзем забывацца, што сучасная Еўропа ўзнікала з сімбіёзу старажытных цывілізацый і варвараў. Прыйшлі варвары і фактычна зрабілі з Рымскай імперыі Еўропу. Магчыма, сёння зноў настае такі час, калі Еўропа мяняе сваю сутнасць.

Тым не менш, ёсць базавыя канстанты, якія мы заўсёды асацыявалі з паняццем Еўропы, еўрапейскасці”.

Для Дзмітрыя Строцава такой канстантай з’яўляецца паняцце мяжы. А дакладней – стварэнне такога панцыра, які супольнасць абараняе. Ёсць межы, якія прысутнічаюць і ўнутры супольнасці, – гэта рэлігійныя, гендарныя, моўныя адрозненні. І гэтыя межы – як шкілет, на якім трымаецца супольнасць. Еўропа – не аднародны арганізм, але разнастайнасць, якую ўтрымлівае еднасць.

«Калі мяне запрасілі немцы з беларускім праектам, я прыйшоў і прынёс не толькі беларускую літаратуру, але і чэшскую, і літаратуру на ідышы. Мы адчувае гэтыя межы, але ёсць і тое, што трымае нас разам… Мы розныя ў Еўропе, у нас ёсць унутраныя межы, але ў гэтым і цікаваць сітуацыі».

Дзмітрый Строцаў мяжу паміж Беларуссю і Еўропай адчувае як унутраную, і гэта мяжа кожны раз новая. «Але гэта не азначае, што я па-за Еўропай», – кажа выдавец.

«Ці можна сказаць, што Беларусь балансуе на знешняй мяжы Еўропы?», – запытвае Шупа.

«Мяжа паміж суседнімі краінамі робіць памежжа прасторай сустрэчы, а не разʼяднання», – адказвае Строцаў.

«Гэтая памежнасць для Беларусі – адначасова і бласлаўленне, і пракляцце, – падсумоўвае гутарку Сяргей Шупа. – Але што рабіць: не там нашы продкі паставілі шатры, лепш бы дайшлі да мора, але сталася так, як сталася: Беларусь там, дзе ёсць».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Рэклама

Пакінуць адказ