Reform.news

КР прыняла рэзалюцыю «Аб безумоўнай і неадкладнай адмене смяротнага пакарання ў Беларусі»

Рэдакцыя Reform.news · 9 кастрычніка 2026, 12:16

https://reform.news/be/kr-prynjala-rjezaljucyju-ab-bezumo-naj-i-neadkladnaj-admene-smjarotnaga-pakarannja-belarusi/

Каардынацыйная рада прыняла рэзалюцыю «Аб безумоўнай і неадкладнай адмене смяротнага пакарання ў Беларусі».

Рэзалюцыя была прынята на агульным пасяджэнні КР 8 кастрычніка. За рэзалюцыю прагаласавалі 52 дэлегаты, супраць – 1. Аўтарам праекта рэзалюцыі з’яўляецца Мікіта Сямяненка з фракцыі «Кааліцыя Латушкі і Рух “За Свабоду». У канчатковай версіі ўлічаны прапановы іншых дэлегатаў Каардынацыйнай рады.

Як адзначылі ў КР, у рэзалюцыі гаворыцца, што права на жыццё і недатыкальнасць чалавечай годнасці вызначаюць межы любой дзяржаўнай улады. Смяротнае пакаранне парушае гэтыя прынцыпы, робіць судовую памылку фатальнай і незваротнай, а правасуддзе ператварае ва ўзаконенае пазбаўленне жыцця ад імя дзяржавы.

У дакуменце асобна падкрэсліваецца небяспека змяненняў заканадаўства ў 2022 і 2023 гадах, якімі рэжым Лукашэнкі пашырыў сферу прымянення смяротнага пакарання да так званых «спроб тэрарызму» і «дзяржаўнай здрады».

“Ва ўмовах татальнага палітычна матываванага пераследу і поўнага знішчэння незалежнай судовай сістэмы гэтыя нормы могуць быць выкарыстаны супраць палітычных апанентаў рэжыму”, – падкрэслілі ў КР.

Рэзалюцыя надзяляе дэлегацыю Каардынацыйнай рады мандатам выступаць за поўную і безумоўную адмену смяротнага пакарання падчас патэнцыйнага Круглага стала паміж дэмакратычнымі сіламі і прадстаўнікамі рэжыму. Дэлегацыя павінна імкнуцца да замацавання гэтага рашэння ў выніковых палітычных пагадненнях, увядзення неадкладнага мараторыя, замены ўжо вынесеных смяротных прыгавораў і поўнага выключэння смяротнага пакарання з крымінальнага заканадаўства з наступным замацаваннем яго забароны ў Канстытуцыі Беларусі.

“Адмена смяротнага пакарання – гэта не толькі пытанне правоў чалавека, але і неабходная ўмова для вяртання Беларусі ў еўрапейскую прававую прастору. Гэта адкрые шлях для будучага ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы і міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека”, – дадалі ў КР.

Рэклама

Пакінуць адказ