Reform.news

Агляд праваабаронцаў за верасень: сітуацыя з правамі чалавека крытычная, рэпрэсіі працягваюцца

Рэдакцыя Reform.news · 5 кастрычніка 2026, 21:35

https://reform.news/be/agljad-pravaabaronca-za-verasen-situacyja-z-pravami-chalaveka-krytychnaja-rjeprjesii-pracjagvajucca/

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычнай: сістэмныя рэпрэсіі не слабеюць, маюць палітычна матываваны характар, накіраваныя супраць іншадумцаў, палітычных апанентаў, нелаяльных. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе сітуацыі з правамі чалавека за верасень, падрыхтаваным праваабарончым цэнтрам «Вясна».

На канец верасня ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 876 палітвязняў. Агульная колькасць людзей, прызнаных палітвязнямі з пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года, складае 4 815 чалавек. За верасень палітвязнямі былі прызнаныя 25 чалавек.

У выніку перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Джона Коўла былі вызваленыя і вывезеныя ў Літву 25 чалавек. Яшчэ 13 чалавек, асуджаных па палітычных матывах, памілаваныя паводле ўказа Лукашэнкі.

«Усяго з ліпеня 2024 года, калі пачаўся працэс вызвалення палітвязняў у парадку памілавання і абменаў, на волю датэрмінова выйшла каля 900 чалавек. У той жа час спіс вядомых «Вясне» асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах павялічыўся на 3500 чалавек, Пералік «экстрэмістаў» – на 2700 чалавек. Палітвязнямі былі прызнаныя 1044 чалавекі і 346 – постфактум», — паведамляюць праваабаронцы.

Не менш за 170 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы з-за свайго стану здароўя, узросту або абставін зняволення.

Беларускія ўлады працягваюць трансгранічныя рэпрэсіі ў выглядзе адвольнага крымінальнага пераследу, унясення ў пералікі «экстрэмістаў», прымусу да негалоснага супрацоўніцтва, сачэння і ціску наўпрост або праз родных і блізкіх, якія засталіся ў Беларусі, канфіскацыі маёмасці тых, хто з’ехаў.

Улады працягваюць прызнаваць групы грамадзян «экстрэмісцкімі» арганізацыямі і фарміраваннямі, што дае падставу працягваць крымінальныя рэпрэсіі.

«Статыстыка ўнясення ў пералік асоб, датычных да экстрэмізму, асуджаных па палітычных матывах у 2026 годзе, дазваляе меркаваць пра захаванне высокага ўзроўню крымінальнага пераследу», — адзначае «Вясна».

Рэклама

Пакінуць адказ