У Беларусі прапанавалі стварыць кодэкс паводзін чалавека ў інтэрнэце
Рэдакцыя Reform.news · 29 верасня 2026, 07:35
https://reform.news/be/u-belarusi-prapanavali-stvaryc-kodjeks-pavodzin-chalaveka-intjernjece/У Беларусі варта стварыць кодэкс паводзін чалавека ў інтэрнэце. У яго распрацоўцы павінны ўдзельнічаць сілавікі. Такое меркаванне ў ток-шоу СТБ выказаў намеснік дэкана факультэта журналістыкі БДУ Алег Нікіфараў.
«Праблема ў тым, што ў нас цяпер не сфарміраваліся гэтыя этычныя нормы камунікацыі ў інтэрнэт-прасторы. Мы дагэтуль не ведаем, як правільна, ці можна патэлефанаваць чалавеку ўвечары па працы, не па працы? Як лепш напісаць?» — сказаў ён.
Вырашыць гэтую праблему, на яго думку, можна з дапамогай кодэкса.
«Гэта значыць, павінен быць сфарміраваны нейкі кодэкс паводзін чалавека ў інтэрнэце. Гэта павінна быць сумесная праца розных службаў, і праваахоўных, і юрыдычных, і сацыялагічных, і педагагічных», — дадаў Нікіфараў.
Вядучы ток-шоу заўважыў, што калі не будзе зноскі ад міліцыі, што за гэта пагражае, то кодэкс працаваць не будзе.
«Нашы людзі звычайна прыслухоўваюцца. Яны будуць старацца, прынамсі», — адказаў намеснік дэкана.
