«Будзе павялічвацца глыбіня пагружэння». Муравейка расказаў пра свае задачы ў адміністрацыі Лукашэнкі
Рэдакцыя Reform.news · 28 верасня 2026, 13:24
https://reform.news/be/budze-pavjalichvacca-glybinja-pagruzhjennja-muravejka-raskaza-pra-svae-zadachy-administracyi-lukashjenki/Былы начальнік Генштаба Павел Муравейка будзе весці ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «глыбінную работу». Пра гэта ён расказаў пасля сённяшняга прызначэння на пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі.
Муравейка адзначыў, што Лукашэнка абазначыў неабходнасць «выразна разумець абстаноўку, якая складваецца, і наколькі мы гатовыя на яе адрэагаваць».
«Сёння, у перыяд бурнага развіцця эканамічнай сферы, маштабнага развіцця сацыяльнай сферы важна забяспечыць бяспеку. Гэта той напрамак, які будзе знаходзіцца пад маім кіраўніцтвам з пункту гледжання работы ў Адміністрацыі.
Пры гэтым прэзідэнт выразна абазначыў, што гэта не падмена якіх-небудзь існуючых інстытутаў. Гэта ўзмацненне Адміністрацыі ў рамках стварэння поўнамаштабнай, паўнавартаснай карціны працэсаў, якія адбываюцца, з мэтай забеспячэння якаснага кіраўніцтва краінай і забеспячэння прэзідэнта ўсёй неабходнай інфармацыяй для прыняцця стратэгічных рашэнняў.
Ускладзеная на мяне работа павінна забяспечыць прэзідэнту альтэрнатыўны пункт гледжання на працэсы, якія адбываюцца. Гэта не значыць, што ён будзе адрознівацца ад даных прадстаўнікоў сілавога блока. Ён будзе проста больш глыбінным, больш усебаковым, увязаным з пытаннямі эканамічнага і сацыяльнага развіцця нашай краіны», — паспрабаваў растлумачыць Муравейка свае задачы.
Паводле яго слоў, ён будзе займацца і іншымі складнікамі бяспекі.
«Усё астатняе — спадарожныя складнікі, якія павінны гэта стварыць. Гэта дыпламатычная сфера, дзе неабходна весці дыялог з рознымі краінамі, гэта эканоміка, гэта значыць развіццё гандлю і інтэграцыйныя сувязі, абмен рознага роду тэхналогіямі, гэта і сацыяльная сфера — абарона нашых грамадзян, забеспячэнне жыллём, харчаваннем. Гэта ўсё — складнікі бяспекі, дзе дастаткова важкі сегмент — ваенная бяспека, гэта значыць мір, бяспека межаў, чыстае неба над Беларуссю і спакой нашых грамадзян», — сказаў ён.
Муравейка адзначыў, што ў Генштабе таксама займаўся забеспячэннем фарміравання працэсаў абароны.
«Гэта значыць новых напрамкаў патэнцыйна няма, будзе толькі павялічвацца глыбіня пагружэння ў тыя ці іншыя тэмы», — сказаў ён.
