Лукашэнка змяніў міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю
Рэдакцыя Reform.news · 28 верасня 2026, 11:53
https://reform.news/be/lukashjenka-zmjani-ministra-antymanapolnaga-rjeguljavannja-i-gandlju/Аляксандр Лукашэнка змяніў міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю. МАРГ узначаліў Аляксандр Якаўчыц. Да гэтага ён працаваў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, дзе курыраваў пытанні імпартазамяшчэння, вытворчасці харчовых прадуктаў, экспарту і імпарту, а таксама тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання.
У яго паслужным спісе таксама работа ў гандлі, спажыўкааперацыі, «Беллегпраме» і «Белдзяржхарчпраме».
Раней міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю быў Артур Карповіч.
Даючы настаўленні новаму кіраўніку МАРГ, Лукашэнка выказаў пажаданне, каб пытанні цэнаўтварэння больш не ўздымаліся.
«Зямля і лес — гэта Богам дадзеныя нам рэсурсы, якія мы павінны выкарыстоўваць як след. Я вельмі спадзяюся, што вы ўнікнеце ў абстаноўку, якая складваецца ў міністэрстве гандлю, і зробіце нямала, каб людзі ніколі больш не ставілі пытанне аб цэнаўтварэнні ў Беларусі на харчаванне, адзенне і гэтак далей», — сказаў ён.
У гэтым міністру павінен дапамагчы і новы кіраўнік Дзяржстандарта Дзмітрый Баско, які прыходзіць у камітэт з КДК.
«Гэта і рынкі, і абарона нашых рынкаў, гэта рух нашых тавараў. Я таксама вельмі спадзяюся, што вы з гэтым напрамкам справіцеся», — сказаў Лукашэнка.
