Reform.news

Медыяменеджар і пісьменнік Аляксей Дзікавіцкі ладзіць у Варшаве прэзентацыю прыгодніцкага рамана «Вяртанне Эльзы»

Reform.news · 22 верасня 2026, 13:23

https://reform.news/be/medyjamenedzhar-i-pismennik-aljaksej-dzikavicki-ladzic-u-varshave-prjezentacyju-prygodnickaga-ramana-vjartanne-jelzy/

Прэзентацыя прыгодніцкага рамана «Вяртанне Эльзы» Аляксея Дзікавіцкага пройдзе ў Варшаве 25 верасня.

У цэнтры кнігі – страчаны куфар з сямейнымі каштоўнасцямі і палескі заклён, здольны спыніць старэнне таго, хто зможа выканаць яго ўмову. Пошукі праўды прымушаюць героя па-новаму паглядзець на ўласнае жыццё, каханне, родны горад і тое, што чалавек пакідае пасля сябе.

Дзеянне рамана адбываецца ў Варшаве, а таксама на Палессі ў часы Другой Рэчы Паспалітай. Менавіта там жыве дзед галоўнага героя, дваранін Адам Шаламіцкі.

Дэтэктыўная гісторыя прыводзіць нас, сярод іншага, да Пінска і яго незвычайнай царквы Святога Станіслава – гіганцкага храма ў стылі барока, які саветы па-варварску разбурылі ўжо пасля смерці Сталіна. Ёсць таксама тэма Варшаўскага паўстання. Яго сведкамі становяцца бабуля галоўнага героя (таксама Адама) і яго тагачасны дзесяцігадовы бацька.

«Вяртанне Эльзы» — раман пра каханне, памяць і спакусу вечнай маладосці, у якім мінулае нечакана працягвае ўплываць на жыццё тых, хто жыве сёння.

«Усё пачалося з кахання, якое не магло стаць узаемным, а скончылася таямніцай, што перажыла амаль стагоддзе. Адама Шаламіцкага, беларуса, які жыве ў Варшаве, нечакана ўцягвае ў загадкавую гісторыю яго былая аднакласніца і першае каханне Эльза», – паведамляе анатацыя.

Кнігу можна набыць на сайце выдавецтва «Камунікат».

Прэзентацыя адбудзецца 25 верасня а 18.00 у Dom Bracia (ul. Bracka, 25).

У часе вечарыны, арганізаванай з ініцыятывы Еўра-Атлантычнага Інстытуту і пры ўдзеле фундацыі «Камунікат», якая выдала раман, аўтар раскажа пры каве і гарбаце пра сапраўдныя цуды, якія дапамаглі яго напісаць, падпіша свежыя, толькі з друкарні асобнікі, пачытае ўрыўкі з найноўшай і папярэдніх кніжак. Кожны, хто набудзе «Вяртанне Эльзы», атрымае ў падарунак «Світумузыку», альбо «Палешука 2.0» на выбар.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Рэклама

Пакінуць адказ