Ціханоўская ў Нью-Ёрку будзе гаварыць пра вызваленне палітвязняў, бяспеку і незалежнасць
Рэдакцыя Reform.news · 20 верасня 2026, 15:06
https://reform.news/be/cihano-skaja-nju-jorku-budze-gavaryc-pra-vyzvalenne-palitvjaznja-bjaspeku-i-nezalezhnasc/Святлана Ціханоўская адправілася ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў мерапрыемствах тыдня высокага ўзроўню Генеральнай асамблеі ААН. Пра гэта яна паведаміла па дарозе ў ЗША.
Паводле слоў лідаркі дэмсіл, у найбліжэйшыя дні ў яе запланавана шмат сустрэч. Сярод тэм перамоў яна назвала вызваленне палітвязняў, падтрымку беларусаў, бяспеку і незалежнасць Беларусі.
«Наперадзе тыдзень высокага ўзроўню Генасамблеі ААН. Гэта заўсёды вельмі насычаныя дні, калі ў адным месцы збіраюцца сусветныя лідары, і можна за некалькі дзён правесці дзясяткі, а то і сотні важных размоў. Таму ў мяне наперадзе шмат сустрэч. Будзем гаварыць пра вызваленне палітвязняў, пра падтрымку беларусаў, пра бяспеку і незалежнасць нашай краіны.
І вельмі важна нагадваць: калі свет абмяркоўвае будучыню нашага рэгіёна, Беларусь не можа заставацца проста радком побач з Расіяй. У нас ёсць свой голас і свае інтарэсы», — падкрэсліла яна.
Палітык таксама паабяцала інфармаваць пра ход візіту.
