Дрэнна пацерабілі лён. Лукашэнка патрабуе больш саджаць бульбы
Рэдакцыя Reform.news · 18 верасня 2026, 12:19
https://reform.news/be/drjenna-pacerabili-ljon-lukashjenka-patrabue-bolsh-sadzhac-bulby/Аляксандр Лукашэнка сёння адправіўся з паездкай у Шклоўскі раён, дзе зладзіў чыноўнікам прачуханку за дрэнна пацераблены лён-даўгунец і запатрабаваў саджаць больш бульбы.
Першы эпізод адбыўся неўзабаве пасля пасадкі яго верталёта, які прызямліўся на полі гаспадаркі “Гавяды-Агра”, дзе вырошчвалі лён.
“Вы хацелі паказаць, як не трэба працаваць? За гэта трэба ў турму саджаць. Гэта такое церабленне лёну? Агідна. Я ад цябе гэтага не чакаў”, — сказаў ён, звяртаючыся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі.
“А вам я б параіў перастаць займацца тэорыяй, а заняцца канкрэтнымі справамі. Гэта жах, кашмар. Будзем разбірацца. Такога быць не павінна. Лён — вы яго ўбралі тут? Вы яго загубілі тут”, — дасталося ўжо міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыю Горлаву і памочніцы Лукашэнкі Надзеі Каткавец.
“Гэта сведчыць пра тое, што вы топчацеся там, дзе часцей бывае прэзідэнт і дзе бліжэй да дарогі. А ў мядзведжыя куты вы не заязджаеце. Калі вы рызыкнулі прэзідэнта пасадзіць на гэтае поле, то астатнія ў вас увогуле ў жахлівым стане”, — заключыў Лукашэнка.
Яму паказалі ферму “Гавяды-Агра” і расказалі пра сітуацыю. Лукашэнка прыгразіў, што яшчэ паездзіць па “мядзведжых кутах”.
“Пераводзьце вобласць на ваеннае становішча і пачынайце працаваць. Інакш размова ў нас будзе апошняя”, — папярэдзіў ён.
Пасля гэтага Лукашэнку перавезлі ў фермерскую гаспадарку “Дыяна”, якой кіруе яго даўні знаёмы. Тут быў прадстаўлены даклад пра ўборку бульбы і сарты беларускай селекцыі. Лукашэнка запатрабаваў павялічыць пасадкі бульбы.
“Мы павінны больш вырошчваць бульбы ў Беларусі. Цікавасць да нашай бульбы ёсць і ў Расіі, і ва Узбекістане. Ураду пастаўлена задача — знайсці рынкі збыту, вызначыцца, дзе вырошчваць бульбу. Тым больш насення хапае”, — сказаў ён.
“Што за бульбашы, якія бульбу не вырошчваюць?” — абурыўся Лукашэнка.
