Reform.news

Ціханоўская правяла брыфінг для еўрапейскіх дыпламатаў і заклікала захоўваць ціск на рэжым Лукашэнкі

Рэдакцыя Reform.news · 2 верасня 2026, 18:09

https://reform.news/be/cihano-skaja-pravjala-bryfing-dlja-e-rapejskih-dyplamata-i-zaklikala-zaho-vac-cisk-na-rjezhym-lukashjenki/

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская правяла ў Вільнюсе брыфінг для паслоў і дыпламатаў 17 краін Еўрапейскага саюза. Сустрэчу арганізавала пасольства Ірландыі.

Лідарка дэмсіл прадставіла вынікі канферэнцыі «Новая Беларусь», расказала пра працу па вызваленні палітвязняў і супрацоўніцтве з Украінай. Асобна яна заклікала еўрапейскіх партнёраў захоўваць ціск на беларускія ўлады і папярэдзіла пра рызыку далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны.

«Мы не павінны забываць, што новых зняволеных па-ранейшаму затрымліваюць, і рэпрэсіі працягваюцца. Таму мы просім нашых еўрапейскіх партнёраў захаваць ціск і не змякчаць яго, пакуль мы не ўбачым сістэмных змен. Мы не павінны паддавацца шантажу Лукашэнкі ў дачыненні да ЕС», – адзначыла палітык.

Гаворачы пра сітуацыю ўнутры Беларусі, Ціханоўская заявіла, што рэпрэсіі працягваюцца, а магчымасцей для незалежнай палітычнай і грамадскай дзейнасці практычна не засталося.

«Рэжым нацэльваецца практычна на ўсё незалежнае. Эканоміка стагніруе. Расійскія ваенныя кантракты — адзін з фактараў, якія падтрымліваюць яе на плаву. Але, нягледзячы на спробы рэжыму знішчыць усё жывое і незалежнае, падпольнае жыццё працягваецца. Яно зноў прарастае, як трава скрозь бетон», – сказала яна.

Падчас брыфінгу Ціханоўская таксама расказала пра падрыхтоўку ірландска-беларускай канферэнцыі, прысвечанай нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і медыя.

У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Аўстрыі, Харватыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Грэцыі, Венгрыі, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Іспаніі і Швецыі, паведамілі у прэс-службе АПК.

Рэклама

Пакінуць адказ