Сірыец з нідэрландскім відам на жыхарства спрабаваў пералезці праз агароджу з Польшчы ў Беларусь
Рэдакцыя Reform.news · 23 ліпеня 2026, 12:59
https://reform.news/be/siryec-z-nidjerlandskim-vidam-na-zhyharstva-sprabava-peralezci-praz-agarodzhu-z-polshchy-belarus/Польскія памежнікі затрымалі мужчыну, які выйшаў на памежную паласу і збіраўся перабрацца праз агароджу з Польшчы ў Беларусь.
Як расказалі ў Падляскім аддзеле Памежнай аховы Польшчы, парушальніка заўважылі з дапамогай камер відэаназірання. Неўзабаве ён быў затрыманы.
“Высветлілася, што гэта грамадзянін Сірыі з нідэрландскім відам на жыхарства. Мужчына заявіў, што дабіраўся аўтобусам з Берліна ў Варшаву, затым з Варшавы ў Беласток, а з Беластока цягніком у Кузніцу-Беластоцкую. Замежнік паведаміў, што яго канчатковым пунктам прызначэння была Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні польскай памежнай службы.
Матывы мужчыны трапіць у нашу краіну не ўдакладняюцца. Варта адзначыць, што звычайна парушальнікі спрабуюць трапіць з Беларусі ў Польшчу.
Аднак гэта не першы такі выпадак. У маі гэтага года літоўскія памежнікі затрымалі 44-гадовага грамадзяніна Польшчы, які з буйной сумай грошай на ровары прыехаў да памежнай агароджы і спрабаваў пераадолець яе з дапамогай лесвіцы, каб трапіць у Беларусь.
Мяркуючы па відэа, сірыец падрыхтаваўся да штурму памежнай агароджы значна горш, чым паляк.
