Reform.news

Ціханоўская: Лукашэнка не раз падманваў Літву, Польшчу і Еўрасаюз і зробіць гэта зноў

Рэдакцыя Reform.news · 30 сакавіка 2026, 12:15

https://reform.news/be/cihano-skaja-lukashjenka-ne-raz-padmanva-litvu-polshchu-i-e-rasajuz-i-zrobic-gjeta-zno/

Аляксандр Лукашэнка не можа быць надзейным партнёрам, а беларускі народ можа. Толькі свабодная, незалежная, еўрапейская Беларусь можа гарантаваць бяспеку краінам-суседзям. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская на круглым стале ў Сейме Літвы, прысвечаным рэгіянальнай бяспецы і супрацоўніцтву з дэмакратычнымі сіламі.

«Толькі свабодная, незалежная, еўрапейская Беларусь, без расійскага кантролю, зможа гарантаваць бяспеку Літве, Польшчы, Латвіі і Украіне. А пакуль у Беларусі пануе гэты рэжым — гэта заўжды будзе ствараць пагрозы для суседзяў. І давайце не будзем наіўнымі: Лукашэнка служыць Расіі. Яму нельга давяраць і яго нельга «ўлагодзіць». Ён ужо не раз падманваў Літву, Польшчу і Еўрасаюз — і зробіць гэта зноў», – сказала яна.

Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, у круглым стале таксама прынялі ўдзел спікер Сейма Літвы Юозас Олекас, намеснік міністра замежных спраў Літвы Аўдра Плепітэ і віцэ-маршалак Сената Польшчы Міхал Каміньскі.

Дыскусіі былі прысвечаны стратэгіі Літвы ў дачыненні да Беларусі, ролі беларусаў у развіцці краіны, удзелу моладзі ў палітычных трансфармацыях.

Як адзначылі ў Офісе, сустрэча стала важнай пляцоўкай для каардынацыі пазіцыі і выпрацоўкі агульнага бачання: як падтрымліваць беларусаў, узмацняць ціск на рэжым і рыхтавацца да будучых дэмакратычных зменаў. Таксама гаворка ішла пра падтрымку палітвязняў, патрабаванні поўнай амністыі, ролю санкцый як інструментаў для дасягнення сістэмных зменаў, прыцягненне рэжыму да адказнасці, паглыбленне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Літвой.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Рэклама

Пакінуць адказ