15 вызваленых палітвязняў выдварылі з Беларусі ў Літву без дакументаў
Рэдакцыя Reform.news · 19 сакавіка 2026, 21:08
https://reform.news/be/15-vyzvalenyh-palitvjaznja-vydvaryli-z-belarusi-litvu-bez-dakumenta/Дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай ў Літве Дзяніс Кучынскі паведаміў, што 15 вызваленых беларускіх палітвязняў прыбываюць у Літву без дакументаў. Паводле яго слоў, у момант запісу паведамлення завяршалася афармленне дакументаў апошняму з іх.
«У іх няма дакументаў, няма пашпартоў, таму што гэта зноў адзін з такіх метадаў, якія ўжывае рэжым, каб крыху ўскладніць жыццё нашым героям», — заявіў ён.
Ён падзякаваў Літве за падтрымку — літоўскай Службе міграцыі, памежнай службе, Міністэрствам замежных і ўнутраных спраў, а таксама арганізацыям, якія дапамагаюць беларускім палітвязням, у тым ліку Freedom House.
Кучынскі адзначыў, што гэта адно з найбуйнейшых вызваленняў: 235 чалавек былі вызвалены ўнутры краіны і застануцца ў Беларусі, яшчэ 15 накіроўваюцца ў Літву.
“Частка з іх, верагодна, таксама выйдуць паразмаўляць з прадстаўнікамі СМІ, таму тут, я думаю, яны змогуць нешта сказаць. Але, магчыма, не ўсе, таму мы таксама просім вас паставіцца да гэтага з разуменнем”, – папрасіў ён.
Кучынскі таксама паведаміў, што напярэдадні сустракаўся з амерыканскімі калегамі, і выказаў надзею на працяг вызваленняў і спыненне рэпрэсій.
«І каб мы маглі працягнуць нашу працу па тым, каб мы ўсе маглі вярнуцца ў Беларусь», — дадаў ён.
Нагадаем, сёння ў Беларусі вызвалілі 250 палітвязняў у межах пагаднення з ЗША. 235 чалавек былі вызвалены ўнутры краіны, яшчэ 15 накіраваны ў Літву.
