Міністр прыродных рэсурсаў Беларусі затрыманы за хабар
Рэдакцыя Reform.news · 12 сакавіка 2026, 13:54
https://reform.news/be/ministr-pryrodnyh-rjesursa-belarusi-zatrymany-za-habar/Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Сяргей Масляк затрыманы за хабар. Пра гэта сёння на нарадзе па барацьбе з пасярэднікамі заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“Яго ўзялі з доказамі злачынства. Я вас папярэджваў, што мы ж там не хапаем на вуліцы каго заўгодна. Швед, а цяпер Гара Дзмітрый Юр’евіч гэта жорстка кантралююць. Калі трэба, — дакладуць. Ніхто нікога проста так не бярэ. Вінаваты — ідзі і адказвай”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Лукашэнка падкрэсліў, што сілавікі маюць дастаткова рэсурсаў для выяўлення карупцыі.
“Возьмуць за “жабры” на хабары — усё, размова скончана. Так і адбылося”, — дадаў ён.
“Не лезьце ў чужое, не чапайце! Карупцыя — гэта не проста ржа, як я раней казаў. Гэта — вайна. У аснове ляжыць гэтая жудасная карупцыя”, — прыгразіў ён чыноўнікам.
Нагадаем, Сяргей Масляк быў прызначаны на пасаду міністра ў красавіку 2024 года. Да гэтага ён кіраваў адміністрацыяй Заводскага раёна Мінска на працягу 5 гадоў.
