Шматдзетнаму бацьку з Мінска дадалі яшчэ 8 месяцаў калоніі
Рэдакцыя Reform.news · 9 лютага 2026, 17:12
https://reform.news/be/shmatdzetnamu-backu-z-minska-dadali-jashchje-8-mesjaca-kalonii/Паўлу Кунцэвічу, які ў 2024 годзе атрымаў 4 гады калоніі паводле артыкула аб закліках да санкцый, дадалі яшчэ 8 месяцаў пазбаўлення волі, паведамляе ініцыятыва Dissidentby.
У студзені 2024 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў Кунцэвіча да 4 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула 361 КК («Заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»). Павел адбываў пакаранне ў калоніі №15 у Магілёве.
У 2025 годзе ў дачыненні да Кунцэвіча пачалі новую крымінальную справу паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Ён атрымаў яшчэ 8 месяцаў пазбаўлення волі. Паўла перавялі ў калонію №8 у Оршы.
Паўлу Кунцэвічу 39 гадоў. Ён жыў у Мінску, навучаўся на псіхолага ў Мінскім дзяржаўным інстытуце экалогіі імя Сахарава. Раней у яго была гандлёвая кропка на Чэрвеньскім рынку, а да затрымання ён зарабляў на вырабе цяпліц. У Паўла ёсць жонка і чацвёра дзяцей.
