Пентагон рыхтуецца рэарганізаваць камандаванне Узброеных сіл ЗША
Рэдакцыя Reform.news · 16 снежня 2025, 09:34
https://reform.news/be/pentagon-ryhtuecca-rjearganizavac-kamandavanne-uzbroenyh-sil-zsha/Амерыканскае Міністэрства вайны рыхтуе план рэарганізацыі камандавання Узброеных сіл. Пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Паводле інфармацыі выдання, Цэнтральнае, Еўрапейскае і Афрыканскае камандаванні будуць аб’яднаныя ў новую структуру пад назвай Міжнароднае камандаванне (US International Command).
У сваю чаргу Паўднёвае і Паўночнае камандаванні, якія адказваюць за аперацыі ў Заходнім паўшар’і, плануецца аб’яднаць у Амерыканскае камандаванне.
Таксама падчас дыскусіі абмяркоўвалася стварэнне Арктычнага камандавання, але ад гэтых планаў адмовіліся.
Захаваюцца ў сённяшнім выглядзе Інда-Ціхаакіянскае камандаванне ЗША, Кіберкамандаванне ЗША, Камандаванне спецыяльных аперацый ЗША, Касмічнае камандаванне ЗША, Стратэгічнае камандаванне ЗША і Транспартнае камандаванне ЗША.
Рэформа дазволіць скараціць колькасць камандаванняў да васьмі, што таксама адаб’ецца на колькасці вышэйшых генералаў і адміралаў.
