9 дзяцей вярнулі ва Украіну праз Беларусь

Дзевяць украінскіх дзяцей і адна паўналетняя выхаванка Алешкаўскага дзіцячага дома-інтэрната вярнуліся ва Украіну праз тэрыторыю Беларусі ў рамках гуманітарнай місіі. Пра гэта паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец.

Як перадае БелТА, сустрэча з украінскімі прадстаўнікамі адбылася ў пункце пропуску «Новая Гута» на беларуска-ўкраінскай мяжы. Разам з дзецьмі ва Украіну накіраваліся чацвёра дарослых, якія іх суправаджалі.

Паводле слоў Лубінца, дзеці, якія вярнуліся, знаходзіліся на акупаваных Расіяй тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай абласцей, у Крыме, а таксама на тэрыторыі Расіі. Ён адзначыў, што вяртанне ўкраінцаў стала магчымым дзякуючы пасярэдніцтву першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп у рамках ініцыятывы Bring Kids Back UA. Усяго пры яе садзейнічанні на падкантрольную Украіне тэрыторыю ўдалося вярнуць 40 дзяцей.

Лубінец таксама падзякаваў за дапамогу Беларусі, міжнароднай кампаніі з украінскімі каранямі МХП і яе заснавальніку Юрыю Касюку, дабрачынным фондам «Права на абарону» і «Усмешка ЮА».

Украінскі амбудсмен расказаў пра абставіны вяртання некалькіх дзяцей. Сярод іх 16-гадовы падлетак, які пасля смерці маці жыў на акупаванай тэрыторыі з бабуляй, якая ўчыняла ў дачыненні да яго фізічны і псіхалагічны гвалт.

«Хлопец доўга імкнуўся выехаць да сястры на падкантрольную Украіне тэрыторыю, аднак праз ціск бабулі і прадстаўнікоў акупацыйнай службы па справах дзяцей гэта не ўдавалася. Дзіцяці казалі, што яго не чакаюць дома. Цяпер брат і сястра змогуць уз’яднацца», — расказаў упаўнаважаны.

Падобная сітуацыя ў зводных 13-гадовага брата і 17-гадовай сястры. Пасля смерці маці ў красавіку 2026 года дзеці апынуліся пад часовай апекай чужога ім чалавека. У той жа час яны хацелі застацца разам і далей жыць са старэйшай сястрой па маці. Цяпер жаданне дзяцей здзейснілася.

Яшчэ двух братоў, 16 і 17 гадоў, прымусова разлучылі з маці. Жанчыну вымусілі пакінуць акупаваную тэрыторыю, не дазволіўшы забраць дзяцей. Адзін з падлеткаў мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, практычна не ходзіць і мае патрэбу ў абследаванні і лячэнні.

Таксама ва Украіну вярнуўся хлопчык 2018 года нараджэння, які не бачыў маці з 2022 года. На падкантрольную Украіне тэрыторыю яго суправаджала бабуля, якая мае намер там застацца.

Нагадаем, сёння праз Беларусь з сем’ямі ўз’ядналіся 43 пажылыя чалавекі, якія прыбылі з Украіны і Расіі.

Відэа: t.me/dmytro_lubinetzs