Місія па вяртанні грамадзян з Расіі да блізкіх ва Украіну праходзіць праз Беларусь

Праз Беларусь праходзіць гуманітарная місія па ўз’яднанні сем’яў. Пажылыя людзі, якія едуць з Расіі да сваякоў ва Украіну, прыбылі ў пункт пропуску «Новая Гута» на беларуска-ўкраінскай мяжы, паведамляе БелТА.

Некаторыя ўдзельнікі гуманітарнай місіі маюць патрэбу ў медыцынскім суправаджэнні.

Сярод удзельнікаў місіі — жанчына, якая едзе ва Украіну разам з мужам і 98-гадовай маці. Паводле яе слоў, з некаторымі сваякамі сям’я не бачылася больш за 15 гадоў. Яшчэ адна пенсіянерка накіроўваецца ў Харкаўскую вобласць, дзе жыве яе ўнучка, з якой яна не сустракалася не менш за 5 гадоў.

Паведамляецца, што на тэрыторыі Беларусі для ўдзельнікаў гуманітарнай місіі арганізаванае харчаванне, падрыхтаваныя прадуктовыя наборы.

Колькасць удзельнікаў місіі не ўдакладняецца.

Паводле звестак БелТА, усяго на тэрыторыі Беларусі праведзена больш за 70 гуманітарных, абменных місій.

Reactions: БеларусьРоссия