Reform.news

55-ты месяц вайны: вынікі Ліманскай аперацыі УСУ, Украіна сістэмна б’е па НПЗ РФ

Рэдакцыя Reform.news · 9 кастрычніка 2026, 09:35

https://reform.news/be/55-ty-mesjac-vajny-vyniki-limanskaj-aperacyi-usu-ukraina-sistjemna-b-e-pa-npz-rf/

Верасень стаў адным з найбольш неспрыяльных для маскавіцкіх войскаў месяцаў 2026 года. Украіна апублічыла інфармацыю пра сваю контрнаступальную аперацыю на поўначы Данецкай вобласці, якая сарвала планы ахопу «крэпаснога пояса» Данбаса.

Адначасова Масква рэзка ўзмацніла далёкія ўдары па ўкраінскай энергетыцы, рыхтуючыся выкарыстоўваць зімовы перыяд як інструмент ціску на насельніцтва і эканоміку.

Становішча на фронце

Войскі маскавітаў працягвалі масіраваныя атакі ў Данецкай вобласці ў раёнах Канстанцінаўкі, Дружкаўкі, Дабраполля, аднак не дамагліся абвалу ўкраінскай абароны або выхаду на аператыўны прастор.

Галоўнай падзеяй месяца стала раскрыццё ўкраінскай аперацыі «Вівальдзі» на поўначы Данецкай вобласці — у раёне горада Ліман.

Фота: Генштаб УСУ

15 верасня 3-ці армейскі корпус Украіны паведаміў, што ўкраінскія сілы правялі наступальную аперацыю, прымусіўшы адступіць або знішчыўшы войскі РФ, якія спрабавалі абысці Славянск і Краматорск з поўначы.

Украінскія даныя аб стратах праціўніка: 5 000 забітымі, параненымі і палоннымі, «сотні адзінак бронетэхнікі, аўтамабільнай тэхнікі, артылерыйскіх сістэм». Значную ролю адыгралі дальнабойныя беспілотнікі, максімальна аслабіўшы забеспячэнне ворага ў раёне правядзення аперацыі.

У аперацыі з поспехам удзельнічалі і беларускія добраахвотнікі – разам з разведвальным батальёнам 3-й асобнай штурмавой брыгады УСУ.

Да 28 верасня ўкраінскі бок заявіў, што агульная плошча вернутай тэрыторыі дасягнула каля 176 км².

Аналітык Клеман Малэн апублікаваў карту ўкраінскай аперацыі, якая працягвалася 4 месяцы. Паводле яго падлікаў, на пачатак верасня ўкраінцам удалося вызваліць больш за 200 кв. км сваёй тэрыторыі.

У выніку, улічваючы шматмесячную затрымку з раскрыццём даных аб прасоўванні ўкраінскіх войскаў, картаграфічны праект Deep State падлічыў, што з мая па ліпень у рэальнасці ўкраінскія войскі вызвалялі больш тэрыторыі, чым гублялі, што тычыцца жніўня і верасня – рабіць нейкія высновы пакуль рана.

Татальная хлусня РФ

Адной з прычын поспеху ўкраінскай аперацыі пад Ліманам многія назіральнікі называюць культуру хлуслівых дакладаў, масава распаўсюджаную ў арміі і прапагандзе маскавітаў. Камандзіры на месцах дакладваюць пра захопы тэрыторыі і баі, часта не проста перабольшваючы свае поспехі, а цалкам выдумляючы іх дзеля новых званняў і ўзнагарод.

Аналагічна спазняюцца або наогул не даходзяць наверх даклады пра няўдачы і адступленні.

Самым яскравым сведчаннем таго, наколькі камандаванне РФ можа не сябраваць з рэальнасцю, стала заява Пуціна пра тое, што войскі маскавітаў захапілі Святагорск – горад, да якога войскі РФ нават не падышлі.

У адказ камандуючы 3-м армейскім корпусам УСУ Андрэй Білецкі 7 верасня запісаў відэа з цэнтра Святагорска, параіўшы ваенна-палітычнаму кіраўніцтву РФ «зняць клоўнскія насы».

Удары па тылах

У верасні РФ і Украіна працягнулі ўзаемную кампанію далёкіх удараў па энергетыцы, паліўнай інфраструктуры, партах, прамысловых прадпрыемствах, лагістычных цэнтрах і сістэмах сувязі.

Пры гэтым мэты бакоў прыкметна адрозніваліся: Украіна перш за ўсё спрабавала парушыць расійскую нафтаперапрацоўку і ваенную лагістыку, тады як Масква ўсё больш актыўна наносіла ўдары па транспартных вузлах, партах, дата-цэнтрах і прамысловых аб’ектах і грамадзянскай энергасістэме з мэтай стварэння гуманітарнай катастрофы напярэдадні зімы.

Адначасова Украіна працягвае ўдары сярэдняй далёкасці, знішчаючы лагістыку войскаў маскавітаў на аддаленні да 150 км ад лініі фронту.

Паліўны фронт

Да сярэдзіны верасня агенцтва Reuters ацэньвала сітуацыю як сістэмную: палова з шасці найбуйнейшых расійскіх НПЗ, якія вырабляюць аўтамабільнае паліва, была вымушана істотна скараціць выпуск або цалкам спыніць перапрацоўку з-за пашкоджанняў, атрыманых у выніку атак.

Украінскія дроны атакавалі Омскі НПЗ. Фота: censor.net

Наступствы для РФ былі наступнымі:

  • дэфіцыт асобных нафтапрадуктаў;
  • рост цэн на паліва;
  • чэргі на аўтазапраўках у шэрагу рэгіёнаў;
  • абмежаванне экспарту бензіну, дызеля і авіякеросіну;
  • неабходнасць пераразмяркоўваць патокі нафтапрадуктаў паміж рэгіёнамі.

Важна, аднак, не перабольшваць эфект: маскавіцкая нафтаперапрацоўчая сістэма захоўвае значны рэзерв магутнасцей, а частку ўстановак можна часова замяняць або рамантаваць. Удары ствараюць дэфіцыт і лагістычныя праблемы, але самі па сабе не азначаюць спынення ўсёй нафтавай галіны.

Наш ваенны эксперт Багдан Кухановіч вядзе «Дзённік вайны» з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.

Рэклама

Пакінуць адказ