Бабарыка, Бахарэвіч, Гамер і дзіцячыя казкі: ужо сёння ва Уроцлаве распачынаецца фестываль «Прадмова»
Reform.news · 2 октября 2026, 13:19
https://reform.news/babaryka-baharjevich-gamer-i-dzicjachyja-kazki-uzho-sjonnja-va-uroclave-raspachynaecca-festyval-pradmova/З 2 па 4 кастрычніка Уроцлаў стане галоўнай літаратурнай сталіцай беларускага замежжа. У гістарычных сценах Ossolineum стартуе фестываль «PRADMOVA-2026», галоўная тэма якога сёлета — «Чужая Бацькаўшчына».
Каб вы не згубіліся ў шчыльным раскладзе, мы адмовіліся ад сухой хроналогіі і згрупавалі праграму па галоўных сэнсавых акцэнтах:
- Галоўныя кніжныя прэм’еры і аўтарскія шоў:
Прэзентацыя новага рамана Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы» (разам з рэдактарам Сяргеем Шупам), энергетычнае «жывое радыё» ад Максіма Жбанкова з яго новай кнігай «ШокінгКульт. Кніга перамен», новая кніга драматычных паэмаў Уладзіміра Някляева «Літвіны», паэтычны зборнік Кацярыны Ваданосавай «Рэха дому» з ілюстрацыямі Аляксандры Канафальскай, прыгодніцкі раман Аляксея Дзікавіцкага «Вяртанне Эльзы», а таксама зборнік вершаў беларускай паэтэсы і мастачкі Наталкі Хвоі «Тры кроплi з адной крынiцы» ды іншыя выданні.
- Галоўныя рэфлексіі пра несвабоду:
Прэзентацыя кнігі «Справа Віктара Бабарыкі» ад Сабіны Брыло і сустрэча з Віктарам Бабарыкам, «Літаратура ўзмоцненага рэжыму» Максіма Знака і яго «Каланісты», а таксама фундаментальная манаграфія Віктара Шадурскага пра вытокі беларускага аўтарытарызму.
- Пераклады, якія мяняюць усё:
Першая беларуская «Адысея» Гамера ў перакладзе Лявона Баршчэўскага, першы варыянт аўтабіяграфіі Марка Шагала «Сваё» ад Сяргея Шупы, першы пераклад Сымоны дэ Бавуар («Вельмі лагодная сьмерць»), а таксама бестсэлеры Рэя Брэдберы і Нобелеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук.
- Крос-культурны дыялог і новая эстэтыка:
Размова пра тое, ці магчымы «раман з Польшчай» у беларускіх аўтараў, беларуска-польскі вечар іранічнай паэзіі з прэзентацыяй кнігі Змітра Дзядзенкі «#Каб не ср@лі галубы», дыскусія вакол даследчага праекта архіва VEHA «Руіны Беларусі», а таксама закуліссе стварэння вокладак ад выдавецтва «Мяне Няма».
- Скандалы і кулуары:
Дыскусія пра тое, як кніга «Краткая история премии Г.» Паўла Анціпава выклікала гучны скандал, і размова з заснавальнікамі «Мяне Няма» пра тое, як выглядаюць сапраўдныя лічбы продажаў беларускіх бестсэлераў.
- Музыка і начныя чытанні:
Канцэрт Яўгена Барышнікава (ужо сёння ўвечары!), «Ноч паэзіі і музыкі» з Уладзімірам Някляевым, Андрэем Хадановічам, Кацярынай Ваданосава, Ігарам Куліковым, Уладзям Лянкевічам, Таццянай Нядбай ды іншымі аўтарамі, а таксама прэзентацыя «Беларускіх калыханак» ад Сяргея Доўгушава.
Для дзяцей на асобнай пляцоўцы пройдуць лялечны спектакль «Самае лепшае месца на свеце» і прэзентацыя інтэрактыўнай платформы «Мыш і Цмок».
Цалкам праграму можна глядзець тут.
Час і месца падзеі: 2–4 кастрычніка (адкрыццё сёння а 17:00), Уроцлаў, Ossolineum (pl. Nankiera 17 / ul. Szewska 37).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
