Раннепалеалітычны помнік Агова 1 з’яўляецца самым старажытным помнікам археалогіі на тэрыторыі Беларусі. Знаходзіцца ён на поўнач ад вёскі Агова, непадалёк ад горада Іванава Брэсцкай вобласці. Выявіў яго мясцовы заўзятар гісторыі Юрый Селязнёў. Дзякуючы яго намаганням помнік стаў вядомы навукоўцам.

Напластаванні з археалагічнымі матэрыяламі на розных участках знаходзяцца на глыбіні ад 6 да 12 метраў ад сучаснай паверхні.

Завершаны другі этап экспедыцыі на помніку, паведамляе выданне «Виртуальный Брест». Агульная глыбіня раскопу дасягнула 7,5 метраў, аднак даследаваны толькі першы з трох культурных гарызонтаў. Навукоўцы выявілі важныя знаходкі на стаянцы Агова-1: знойдзена больш за 300 крамянёвых артэфактаў узростам больш за 400 000 гадоў.

Гэтыя знаходкі адносяцца да ашэльскай культуры — часоў, калі па тэрыторыі нашай краіны маглі хадзіць продкі неандэртальцаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram