Апублікаваная праграма фестывалю Pradmova ў Вільні і Празе

Увосень пройдзе VII Міжнародны фестываль PRADMOVA, які аб’яднае Вільню, Прагу, Познань і Варшаву праз літаратурны, мастацкі і дыскусійны дыялог.

Сёлетні лозунг фестывалю — «Птушкі без гнёздаў» — адсылае да асобы Ларысы Геніюш, якая стала сімвалам нязломнасці і вернасці сваім ідэалам.

У Вільні фестываль пройдзе 10–12 кастрычніка.

Запланаваныя размова пра Беларусь з літоўскімі пісьменнікамі, дыскусія пра постфікшн, гутарка пра сацыяльныя перамены і ролю пісьменніка ў фіксацыі нацыянальнай гісторыі, размова з нагоды выхаду анталогіі, прысвечанай гісторыі фемінізму і правам жанчын у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Адбудзецца прэзентацыі аўтабіяграфічнага рамана «Яблык у валізцы» Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife) і новага выдання «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» Сяргея Дубаўца, у якой возьмуць удзел героі нефармальнага моладзевага руху 1980-х.

Для дзетак фестываль падрыхтаваў спектакль «Сумны суп» паводле твораў Вольгі Гапеевай ад тэатра «Прыехалі».

Партнёры віленскай праграмы фестывалю: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і сайт bellit.info, Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, клуб «Paviljonas».

Сёлета фестываль у Вільні чакае гасцей на дзвюх пляцоўках: Клуб «Paviljonas» (Pylimo g. 21B; тут адбудзецца і кніжны кірмаш ад беларускіх выдавецтваў) і Беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g. 20).

Праграма тут.

У Празе фестываль пройдзе 24-26 кастрычніка.

Фэст стане пляцоўкай для сустрэчы беларускай і сусветнай культур, перадусім чэшскай. Сярод цэнтральных падзей пражскага фестывалю — панэльная дыскусія «Беларусь і Чэхія ва ўзаемных уяўленнях». Гісторыкі і журналісты з дзвюх краін абмяркуюць гісторыю і сучасны стан адносін паміж Беларуссю і Чэхіяй, разгледзяць пытанні культурных сувязяў, узаемных стэрэатыпаў і магчымасці для новага збліжэння.

У працяг размовы пра беларуска-чэшскія сувязі — прэзентацыя рамана Мілаша Урбана «Сямікасцелле» з удзелам аўтара і перакладчыка Сяргея Сматрычэнкі.

Важнай часткай праграмы стане прэзентацыя цыкла гістарычных раманаў Крысціны Сабаляўскайце «Silva rerum» у перакладзе Сяргея Шупы — знакавых для літоўскай літаратуры твораў, якія дапамогуць асэнсаваць агульны культурны наратыў Цэнтральнай Еўропы.

Госці фестывалю атрымаюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з выданнямі часопіса Arche, якія выйшлі ў 2023–2024 гадах і ў выніку рэпрэсій засталіся амаль па-за ўвагай.

Праграма PRADMOVA уключае дыскусіі і выступы, прысвечаныя нацыянальнай гісторыі, дэмакратыі і інклюзіўнасці, аналізу беларускай жаночай і квір-літаратуры, размову пра будызм ад Макса Шчура і малавядомыя старонкі беларускага самвыдату.

Кінапраграма PRADMOVA ў Празе прэзентуе кароткаметражку «Суд мёртвых», пасля якой запланавана дыскусія пра адлюстраванне падзей 2020 года ў мастацтве.

Фінальнай імпрэзай фестывалю ў Празе стане аўтарскі вечар Андрэя Хадановіча «Дзень роўны жыццю».

Партнёры пражскай PRADMOVA: «Беларускі інстытут у Празе» і Грамадзкае аб’яднаньне «Пагоня».

Праграма тут.

PRADMOVA — гэта найбуйнейшы міжнародны фестываль інтэлектуальнай кнігі, які стаў пляцоўкай падтрымкі і папулярызацыі беларускай культуры па-за межамі краіны. Ён збірае аўтарак і аўтараў, выдаўцоў і выдаўчынь, даследчыц і даследчыкаў, чытачак і чытачоў з розных краін свету. Фестываль падтрымлівае разнастайнасць інтэлектуальных фарматаў — ад традыцыйных кніжных праектаў да эксперыментальных культурных практык.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!