Эксперыментальная пастаноўка «Камедыя Юдзіфі» нарадзілася ў выніку супрацы каманды польскага Teatr Nettheatre (Teatr w Sieci Powiązań) і беларускіх акцёраў з незалежнай групы «Купалаўцы». Рэжысёр — Павел Пасіні. У галоўных ролях — Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Аляксандр Казела і Валянціна Гарцуева. Анлайн прэм’ера — сёння, 20 студзеня, а 20.00 гадзіне па Мінску на YouTube-канале незалежнай тэатральнай групы.
Перад гледачом паўстане новая інтэрпрэтацыя біблейскай гісторыі, якая цягам стагоддзяў неаднаразова прыцягвала ўвагу мастакоў, кампазітараў і паэтаў.
«Спроба асэнсаваць жыццё і ўчынкі Юдзіфі з сённяшняга пункту гледжання, зразумець не толькі рэлігійныя, але і псіхалагічныя матывы паводзін біблейскіх герояў, спроба вытлумачыць іх гісторыю як універсальную прытчу аб сутыкненні лёсаў чалавека з няўмольным рухавіком гісторыі», — адзначаецца ў анатацыі да пастаноўкі.
Аўтарам п’есы з’яўляецца вядомы беларускі драматург Сяргей Кавалёў. Сцэнаграфія — Аляксандра Канарска. За рэжысуру адказвае Павел Пасіні — вядомы польскі тэатральны дзеяч, рэжысёр больш як пяцідзесяці спектакляў, стваральнік і кіраўнік люблінскага neTTeatre, «першага анлайн-тэатра ў свеце».
Зоя Белахвосцік, выканаўца галоўнай ролі, кажа, што «Камедыя Юдзіфі» — гэта спектакль пра ўсе войны свету, былыя, сённяшнія і будучыя.
«Жах перад ворагамі — выклік для Юдзіфі, яе веры, чысціні, годнасці і вернасці свайму народу! Яна выбірае подзвіг. Але гэтая жанчына— не ікона, яна адна з нас», — дае свае бачанне гэтай гісторыі актрыса.
«Купалаўцы» не хаваюць, што на прыкладзе пастаноўкі Паўла Пасіні яны спрабуюць новыя формы.
«Час не стаіць на месцы — мы таксама глядзім наперад і спрабуем новыя формы. Нязменнай была і застаецца наша сувязь з вамі, агульныя мэты і будучыня. Мы па-ранейшаму чакаем вашых водгукаў і ад шчырага сэрца жадаем прыемнага прагляду!», — звяртаюцца да публікі артысты.
Пачатак прагляду «Камедыі Юдзіфі» сёння, а 20.00 гадзіне па Мінску на YouTube-канале незалежнай тэатральнай групы.