Што адбываецца, калі мова становіцца палітычным выбарам? На гэтае пытанне адказвае дакументальны фільм рэжысёркі Тані Гаўрыльчык «Моўныя партызаны».
Прэм’ерай гэтай дакументальнай карціны пра праваабаронцаў беларускай мовы Аліну Нагорную і Ігара Случака вяртаецца пасля невялікага перапынку анлайн-кінатэатр беларускага кіно VODBLISK.
У цэнтры гісторыі – звычайная сям’я. Яны выхоўваюць дзіця і чакаюць другога сына. І ўжо больш за дзесяць гадоў робяць тое, што можа здавацца амаль наіўным: пішуць лісты ў дзяржаўныя ўстановы і кампаніі – усюды, дзе закон патрабуе, але не выконваецца. І патрабуюць толькі аднаго: каб беларуская мова была бачнай у публічнай прасторы. У краіне, дзе яна фармальна існуе, але фактычна – адсутнічае.
«Моўныя партызаны» – гэта інтымны погляд на жыццё людзей, якія не карыстаюцца гучнымі лозунгамі, але штодня змагаюцца. Фільм пра тое, як ціхія дзеянні могуць быць формай барацьбы.
Праца над фільмам пачалася ў 2022 годзе і і вырасла з цікавасці рэжысёркі да тэмы беларускай мовы. Сама Таня Гаўрыльчык глядзіць на гэтую тэму наступным чынам:
— У эміграцыі шмат якія паняткі і канцэпты, сэнс якіх быў крыштальна зразумелы на радзіме, размыліся і страцілі сваю моц. Але каштоўнасць мовы засталася безумоўнай. Мовы перажываюць рэжымы, дзяржаўныя ўтварэнні і межы. Перажываюць часовасць сацыяльных і палітычных перапетый, якія наслойваюцца на тканіну тваёй краіны.
І безумоўна мова – гэта такі светапогляд, такая оптыка бачання свету. Калі адкрыць слоўнік сінонімаў беларускай мовы, для радасці там будзе пару словаў, для смутку – некалькі дзясяткаў. Ці ёсць нейкія канструкцыі мовы, выразы, у якіх схаваная цэлая філасофія. Адзін з маіх улюбёных прыкладаў – гэта беларускае «калі». «Когда и если», «when and if», а ў нас для гэтага адно слова.

Таня Гаўрыльчык – дакументалістка, выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і міжнароднай праграмы Doc Nomads. «Моўныя партызаны» стаў яе другім кароткаметражным фільмам у якасці рэжысёркі. Раней яна працавала як аператарка над стужкамі, што мелі прэм’еры на такіх буйных фестывалях як Берлінале і IDFA.
«Распавесці пра Беларусь праз сітуацыю з мовай мне падаецца, з аднаго боку, вельмі відавочным, тым, што амаль ляжыць на паверхні. Гэта такая відавочная знутры і зусім невідавочная звонку гісторыя пра Беларусь. Але мне гэта і падаецца цікавым – расказваць невядомую гісторыю, ствараць веды пра нас шырэй за вядомы наратыў, – адзначае Таня Гаўрыльчык, – У чымсьці дакументалістыка для мяне – такая зручная зачэпка зазірнуць у тыя жыцці, да якіх без камеры быццам бы няма прычыны ўвайсці».

Фільм даступны для прагляду бясплатна з любой кропкі свету на платформе VODBLISK – дастаткова прайсці рэгістрацыю.
Нагадаем, VODBLISK — анлайн-кінатэатр, які імкнецца прасоўваць незалежнае беларускае кіно і даваць голас незалежным беларускім фільммэйкерам і фільммэйкеркам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
