На днях знакаміты беларускі аніматар Міхаіл Тумеля забраў працоўную кніжку з Беларускай акадэміі мастацтваў. «Гледзячы па ўсім, з Міхаілам не працягнулі працоўны кантракт — гэта традыцыйны метад схаваных рэпрэсій з боку рэжыму», — пракаментаваў навіну канал «Священный Белавуд».
«…сёння завершыўся 15-гадовы тэрмiн майго настаўнiцтва для студэнтаў-анiматараў у сценах Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў. Разышлicя «па пагадненнi бакоў», як запicана ў зялёнай працоўнай кнiжцы.
Худрук мультстудыi Алег Белавусаў прыцягнуў мяне да выкладання мультыплiкату для набранага iм у 2008 годзе курсе анiматараў пасля 10-гадовага перапынку ў выкладаннi анiмацыi ў Беларусi», — напісаў Міхаіл у фэйсбуку.
Міхаіл Тумеля быў дацэнтам кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання. За гэты час ён выхаваў яшчэ два курсы аніматараў, таму што набор на анімацыйнае аддзяленне адбываўся толькі раз у 5 гадоў.
«У свой час я жартаваў, што самае галоўнае ў жыцці аніматара-качэўніка гэта акуратна сабраць юрту і нічога не забыцца на стойбішчы. Быццам бы нічога не забыўся перад сыходам. Бывай, Акадэмія, гэтая старонка жыцця перавернутая», — падводзіць вынік былы выкладчык.
Міхаіл Тумеля — адзін з вядомых беларускіх аніматараў, які працаваў у мностве краін: Беларусі, Расіі, Паўднёвай Карэі, Японіі і г. д.
Сярод самых знакамітых яго прац — «Чароўная жалейка», «Беларуская выцінанка», «Беларускія прымаўкі», «Аповесць мінулых гадоў» і г. д.
Пры стварэнні мультыплікацыйных фільмаў рэжысёр часта выкарыстоўваў тэхніку народнай выцінанкі.
З 1994 па 2005 год на Беларускім тэлебачанні вёў перадачу «Мульціклуб».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram