Андрэй Хадановіч запускае курс пра беларускую паэзію ў кантэксце сусветнай культуры

«Таварыства жывых паэтаў і паэтак» — так называецца курс паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцы Андрэя Хадановіча, які з 13 траўня разам з творцай запускае грамадская арганізацыя «Годна».

«Пра ўплывы і “паралельныя” адкрыцці, пра пераклад і містыфікацыі, пра тое, як вершы становяцца песнямі, а паэзія – мовай пратэсту, супраціву і салідарнасці», — анансуе новы праект літаратар. У курс увойдзе 10 анлайн-заняткаў; усе яны будуць даступныя ў запісу напрацягу трох месяцаў пасля заканчэння цыклу.

«Пасля курсу вы будзеце глядзець на беларускую паэзію – і на сваю культуру – з гонарам і разуменнем, якіх раней не хапала», — дадае лаўрэат паэтычнай Прэміі Наталлі Арсеньевай і іншых беларускіх ды міжнародных літаратурных узнагарод.

Курс Андрэя Хадановіча стане першым з ліку на платформе Lepsh.school ад «Годна». Гэтай ініцыятывай каманда грамадскай арганізацыі хоча падтрымаць беларускіх экспертаў і экспертак дзяліцца сваімі ведамі. Таму за «ўваход» на курс уводзіцца аплата — у выпадку «Таварыства жывых паэтаў і паэтак» гэта 59 еўра.

Праграма лекцый выглядае так:

  • Як сплятаўся “Вянок”? Максім Багдановіч і папярэднікі: Шарль Бадлер, Поль Верлен ды іншыя
  • “Курганы шмат чаго нам гавораць”: Янка Купала і Уільям Батлер Ейтс
  • Фантомныя болі двух Міцкевічаў: паэмы “Пан Тадэвуш” і “Новая зямля”
  • Нерасстраляныя паэмы: беларускае і габрэйскае
  • Аркадзь Куляшоў – містыфікатар: таемная гісторыя верша “Бывай” (і песні “Алеся”)
  • “Амплітуда смеласці”: Максім Танк, Рыгор Барадулін, Міхась Стральцоў
  • “Каардынаты быцця”: паэтычныя адкрыцці Алеся Разанава
  • Беларусь – нацыя паэтак? Жаночая лірыка ад Бандарынай да Бандурынай
  • Паэты і фронтмэны: беларускія вершы, музыка і сцэна
  • “На беразе Волі”: беларуская паэзія 20-х.

Падрабязнасці тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!