Алесь Бяляцкі далучыўся да адкрытага ліста ў падтрымку стварэння Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча

Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі далучыўся да падпісантаў адкрытага ліста за стварэнне Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча, паведамілі на сайце будучай інстытуцыі.

Раней адкрыты ліст сярод іншых падпісала жонка Алеся Бяляцкага, даследчыца, журналістка і праваабаронца Наталля Пінчук. У той час сам Алесь Бяляцкі знаходзіўся ў зняволенні ў Беларусі і не меў магчымасці асабіста падтрымаць ініцыятыву. Пасля вызвалення і прымусовай дэпартацыі з Беларусі ён далучыўся да ліку падпісантаў.

Нагадаем, што беларускія інтэлектуалы ў эміграцыі зарэгістравалі ў Польшчы ініцыятыву па стварэнні для магістрантаў і дактарантаў, зацікаўленых у акадэмічных свабодах і міждысцыплінарнай даследчай працы з беларускім кантэкстам, ўніверсітэту, які ў перспектыве мог бы дзейнічаць як вышэйшая навучальная ўстанова і працаваць на еўрапейскім узроўні ў розных галінах беларусазнаўства.

«На сёння ў Беларусі афіцыйна працуе каля 50 вышэйшых навучальных устаноў, але адукацыя ні ў адным з іх не вядзецца на беларускай мове – тытульнай мове нацыі, а выключна па-руску, — паведамляецца ў адкрытым лісце. — У пачатковай і сярэдняй адукацыі толькі 10% беларускіх дзяцей маюць магчымасць атрымліваць яе на роднай мове. У беларускай адукацыйнай прасторы пануе ідэалагічны кантроль, мілітарызацыя навучання і палітычная цэнзура. Сотні і тысячы першакласных спецыялістаў не могуць свабодна займацца навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю ў краіне і вымушаныя выязджаць у іншыя дзяржавы праз пераслед і гвалт.

Пры гэтым беларусы як нацыя заслугоўваюць, каб прадстаўнікі яе акадэміі маглі весці багатую навуковую і выхаваўчую працу на сваёй мове, а таксама мовах народаў свету».

Праект ужо сфармаваў супольнасць з больш як паўсотні даследчыкаў, выпрацаваў канцэпцыю развіцця, стратэгічны і акадэмічны планы, праводзіць адкрытыя лекцыі і публічныя дыскусіі.

На сёння адкрыты ліст падтрымалі ўжо больш за 60 прадстаўнікоў і прадстаўніц міжнароднай акадэмічнай і грамадзянскай супольнасці. Сярод іх — Святлана Алексіевіч, Стэфан Эрыксан, Адам Міхнік, а таксама даследчыкі і даследчыцы з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі, Нарвегіі, Бельгіі, Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі.

Азнаёміцца са спісам падпісантаў можна на сайце ініцыятывы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!