Фота: polin.pl.
Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN працягвае сістэматычна пашыраць прапанову для беларускай супольнасці ў Польшчы. Напярэдадні восені музей запрашае ўсіх ахвочых на аўтарскую экскурсію на беларускай мове «Малое гета і гісторыі яго жыхароў».
Малое гета (1940–1942 гады) — гэта ўмоўная назва паўднёвай часткі Варшаўскага гета. Яго злучаў з Вялікім гетам вядомы драўляны пешаходны мост на вуліцы Хлоднай, які стаў сусветна вядомым сімвалам ізаляцыі і трагедыі варшаўскіх яўрэяў. У 1942 годзе падчас так званай «Вялікай акцыі» Малое гета перастала існаваць, аднак на яго тэрыторыі дагэтуль захаваліся арыгінальныя фрагменты муру і рэшткі будынкаў даваеннай сталіцы.
Удзельнікі шпацыру пройдуць каля пяці кіламетраў слядамі сведкаў Халакосту, пабачаць захаваныя аб’екты і даведаюцца, як людзі намагаліся працаваць, вучыцца і дапамагаць адзін аднаму ў тых нелюдскіх умовах.
Нагадаем, што гэта не першы крок музея POLIN насустрач беларускамоўным наведвальнікам. Раней у музейным комплексе з’явіўся беларускамоўны аўдыягід па асноўнай экспазіцыі, які агучыў вядомы мовазнаўца і перакладчык Сяргей Шупа. Акрамя таго, у прасторы сямейнай адукацыі «У караля Мацюся» працуе бібліятэка, дзе побач з польскімі, украінскімі ды англійскімі выданнямі ёсць кнігі на беларускай мове.
Даты і ўмовы ўдзелу: 30 жніўня (нядзеля), з 14:00 да 16:00.
Умовы: бясплатна, але неабходна даслаць заяўку на e-mail atrutneva@polin.pl з пазначэннем колькасці ўдзельнікаў. Імёны і прозвішчы (можна выкарыстоўваць і мянушкі, і псеўданімы) патрэбныя музейшчыкам толькі дзеля таго, каб ведаць колькасць людзей, што збярэцца на мерапрыемства.
Месца сустрэчы: супрацоўнікі музея дашлюць інфармацыю на пошту пасля рэгістрацыі.
Арганізатары звяртаюць увагу, што шпацыр адбудзецца пры любым надвор’і, таму наведвальнікам раяць мець зручны абутак, пітную ваду, галаўны ўбор або парасон.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram