Ужо тры гады — з 25 чэрвеня 2020 года — блогер і журналіст «Радыё Свабода» Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі. У снежні 2021 года яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі. Яго жонка Дар’я ў студзені 2023-га таксама была асуджана — на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Вядомыя асобы запісалі звароты ў падтрымку Ігара і Дар’і Лосікаў.
Рэжысёр Аляксей Палуян кажа ў сваім звароце, што ніколі не бачыўся з Ігарам Лосікам, але іх шмат што звязвае. Яны абодва нарадзіліся ў Баранавічах. «Тры гады таму цябе арыштавалі, — згадвае Палуян. — Шмат змянілася за гэтыя тры гады ў Баранавічах. Нашыя сябры з’ехалі, пазбягаючы пераследу. Некаторыя нашыя сябры сядзяць за кратамі. А некаторыя з іх з’ехалі на вайну — дапамагаць украінскаму народу змагацца супраць расейскага імперыялізму«.
Звяртаючы да Дашы, рэжысёр упэўнены, што яна не павінна быць за кратамі, бо належыць да новага пакалення беларусаў, якое не «не спыніць, не заткнуць і тым больш не перамагчы«.
«Дзякуй, што не пабаяліся!» — завяршае сваю прамову рэжысёр.
Святлана Алексіевіч, пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка,тлумачыць у сваім звароце, што рэвалюцыя не перамагла — але героі рэвалюцыі ёсць: «Я магу назваць дзясяткі імёнаў. І адно з самых прыгожых імёнаў, імёнаў прыгожага супраціву — як бы гэта ні было страшна, — гэта каханне гэтых двух маладых людзей, якія шмат перажылі. Аднак усё ж каханне перамагае і робіць іх мацнейшымі, дапамагае ім там выжыць. І гэта тое, што нас прымушае думаць, наколькі прыгожым можа быць чалавек».
Лідэрка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская, як маці дваіх дзяцей, усхваляваная тым, што Ігар не пачуў першых словаў Паўлінкі, не бачыў, як яна заводзіць першых у сваім жыцці сяброў, як яна становіцца самастойнай: «Аднак мы не здаёмся. І не здадзімся, пакуль ты не абдымеш Дашу і Паўлінку. Павер, мы прыкладаем максімум намаганняў для таго, каб гэты дзень надышоў. Мы знойдзем тое, што спрацуе. Твой погляд на жыццё і стойкасць натхняюць многіх».
Робін Вагэнэр, дэпутат Бундэстага Германіі нагадаў, што беларусы маюць голас у Берліне, у Вільні, у Варшаве: «Мы бачым вас, нават калі вы за сценамі… Мы на вашым баку і працягнем змагацца за вашае вызваленне, пакуль вы зноў не будзеце на волі».
Мікалай Халезін, сузаснавальнік і арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатра, падзяліўся ў сваім звароце, што стан, у які кожны арышт пагружае нас, вельмі цяжка перажываць: «Адначасова вельмі складана змагацца, каб не зачарсцвець і працягваць рэагаваць гэтак жа хваравіта. Таму людзі прызвычайваюцца да ўсяго, у тым ліку да бедаў, катастрофаў і тэрору.
Але прызвычайвацца да гэтага нельга, бо як толькі ты прызвычайваешся, ты апускаеш рукі і пагаджаешся з тым, што гэта робіцца нормай. Аднак гэта не норма».
Наталля Каляда, сузаснавальніца і арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатра, распавяла, што ў любым пункце свету, дзе акторы Свабоднага тэатра выходзяць на тэатральныя сцэны — людзі ведаюць пра зняволеных і шлюць любоў. «Нам усім трэба не спыняцца ні на секунду, каб завяршыць гэты дыктатарскі рэжым раз і назаўсёды, каб можна было рэальна перадаць гэтую любоў. Бо тых фізічных абдымкаў, якія кожны можа перадаць, нішто не зможа замяніць. Хачу, каб гэта адбылося. Я ведаю, што гэта будзе», — гаворыць Наталля Каляда.
Аляксандар Лукашук, былы кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода (1990–2023), гашадаў, што ў Ігара Лосіка — самы вялікі турэмны тэрмін у гісторыі журналістаў Радыё Свабода — найвялікшы ў гісторыі беларускай журналістыкі: «Мы ведаем пра ваша адчайнае змаганне: вам адмаўлялі ў спатканнях, няма перапіскі, Даша ў турме, — пералічвае журналіст. — Вы глядзіце на бірку з датай вызвалення — 2030 нейкі год. Ці вы жывеце нягледзячы на яе? На чым трымаецца вера ў свабоду? Гледзячы на турму ці нягледзячы на яе? Ваш адказ вельмі важны для мяне, для вашых сяброў у Беларусі і тут, у Вашынгтоне… Наша суcтрэча абавязкова адбудзецца, нягледзячы ні на што. Бо мы глядзім на вас».
Джэймі Флай, прэзідэнт «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», звяртаючыся да Ігара сказаў, што яго мужнасьць працягвае натхняць: «Твае калегі на Свабодзе працягваюць сваю працу, нягледзячы на выклікі, і яны дасягаюць да аўдыторыі ў Беларусі, што прагне праўды ў супрацьвагу той прапагандзе, якую яна атрымоўвае ад рэжыму Лукашэнкі».
Таксама палітык нагадаў, што працягвае працаваць з усімі, з кім толькі магчыма — з урадамі, з арганізацыямі і з сябрамі вольнай Беларусі — каб дамагчыся вызвалення палітзняволеных.
…Тры месяцы родныя Ігара не атрымліваюць ад яго лістоў. Яго ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу Наваполацкай калоніі. Лістоў не атрымлівае і сам Ігар…
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: