У Тэатры Янкі Купалы расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў ставіць трагікамедыю «Дзядзечкаў сон» паводле аповесці Фёдара Дастаеўскага. «Першая прэм’ера ў новым тэатральным сезоне», як адзначае тэатр, адбудзецца 20 лістапада.
«Спектакль «Дзядзечкаў сон» – гэта калейдаскоп характараў, інтрыг і козней правінцыйнага гарадка Мардасава. Тут з новай сілай гучаць вечныя тэмы, апісаныя класікам рускай літаратуры, пададзеныя з камізмам, іроніяй і абсурднасцю. У чым мы запрашаем пераканацца і вас, нашы шаноўныя гледачы», – анансуецца новая пастаноўка на сайце тэатра.
У спектакле Дзмітрый Акімаў прапануе пераасэнсаваць тэму прагі нажывы, спажывецтва, якія мары могуць стаць не толькі выратаваннем, але і тупіком.
Паводле тэлеграм-канала Міністэрства культуры, у пастаноўцы будуць задзейнічаны: Генадзь Аўсяннікаў, Тамара Міронава, Вольга Няфёдава, амаль уся трупа тэатра, у якую з 2022 года ўвайшлі і расійскія артысты. Відэа з чыткі п’есы было выкладзена ў месенджар.
«Дзядзечкаў сон» – гэта другая пастаноўка Дзмітрыя Акімава на сцэне Купалаўскага. У 2023 годзе Акімаў, які з’яўляецца галоўным рэжысёрам Матыгінскага тэатра, зрабіў спектакль «А зоры тут ціхія» з беларускімі артыстамі.
Адзначаецца, што «Дзядзечкаў сон» будзе ісці на беларускай мове.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram