285 916 еўра — праекты на такую суму падтрымае адукацыйная праграма «Васьміног» па выніку конкурсу на стварэнне і падтрымку ініцыятыў «новай адукацыі». На конкурс ад «Васьмінога: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» было пададзена 113 заявак, і як адзначаюць арганізатары, колькасць і якасць прапаноў уражвала.
«Каб зразумець, наколькі складана было выбіраць пераможцаў, прывядзем такі факт: агульная сума, якую заклалі ў бюджэтах усе 113 заяўнікаў, складае 3 811 200 еўра. То-бок беларуская грамадзянская супольнасць, дыяспары і педагогі для рэалізацыі сваіх задумаў маюць патрэбу ў суме, якая ў 10 разоў перавышае цяперашнія магчымасці “Васьмінога», — апісала сітуацыю каманда «Васьмінога».
«Уразіла не толькі колькасць заявак, але і разнастайнасць прапанаваных кірункаў дзейнасці і відаў актыўнасці, — падзялілася сваімі ўражаннямі адна з экспертак, якая працавала над заяўкамі. — Сярод заяўнікаў было шмат вядомых навукоўцаў і педагогаў, дзеячаў культуры і навукі. Цэлыя зорныя калектывы. Шмат было таксама дэбютантаў са свежымі ідэямі. Конкурс быў сапраўды спаборніцкім, цікавым і напружаным…».
У выніку ў сітуацыі вострай канкурэнцыі былі адабраныя 15 з 113 праектаў, рэалізацыя якіх, па меркаванні «Васьмінога», істотна паўплывае на адукацыйную сферу ў Беларусі. Яшчэ 19 праектаў атрымалі рэкамендацыі для паляпшэння заявак, якія можна будзе падаваць на новым конкурсе.
Гранты будуць вылучаны на наступныя адукацыйныя праекты:
- Навучанне дзяцей школьнага ўзросту з аўтызмам;
- Стварэнне адукацыйнага і інавацыйнага відэакантэнту для вывучэння беларускай мовы і гісторыі, гуманітарных дысцыплін для школьнікаў;
- Беларускамоўны падкаст па біялогіі (серыя крэатыўных перадач для школьнікаў);
- Распрацоўка праграмнага зместу гісторыка-грамадазнаўчага і філалагічнага блоку для настаўнікаў;
- Стварэнне падручніка па геаграфіі для старэйшых класаў;
- Падтрымка падлеткавага клуба;
- Арганізацыя летніка і нядзельнага клуба для беларускіх школьнікаў у Літве і Польшчы;
- Падтрымка некалькіх школ выхаднога дня ў розных гарадах і краінах.
Апроч пералічаных напрамкаў, будуць падтрымлівацца навучанне настаўнікаў інавацыйным метадам выкладання.
Пры адборы грантаатрымальнікаў арганізатры імкнуліся таксама ўлічваць “геаграфічны” прынцып, каб былі падтрыманыя ініцыятывы беларускіх дыяспар у розных краінах знаходжання. Так, сярод пераможцаў конкурсу — жыхары Польшчы, Літвы, Грузіі, Нямеччыны, Эстоніі і Беларусі.
Кіраўнік праекта “Васьміног” Аляксей Канстанцінаў заўважыў, што некаторым заяўнікам не хапіла вопыту для складання праектных прапановаў: «Істотная частка заявак сфармулявана і аформлена з мноствам памылак. Мы разумеем, што шмат якія адукацыйныя ініцыятывы ўпершыню пісалі грантавыя заяўкі, а гэтая праца патрабуе пэўных кампетэнцый. Мы разумеем гэта як запыт і задачу на развіццё арганізацыйнага патэнцыялу. Мы таксама разлічвалі на большую колькасць інавацыйных праектаў, але большая частка атрыманых заявак абапіраецца на традыцыйныя практыкі і інструменты адукацыі».
Увосені 2023 года будзе абвешчаны чарговы конкурс грантавых праектаў для адукацыйных ініцыятыў, на які можна будзе дадаць дапрацаваныя і новыя заяўкі, звяртаюць увагу арганізатары.
Нагадаем, што агульная мэта конкурсу ад «Васьмінога» – распрацоўка, умацаванне жыццяздольнасцi і даследаванне элементаў “новай адукацыі” (навучальныя праграмы, методыкі, арганізацыйныя мадэлі) для дзяцей у Беларусі ці ў транспамежным анлайн-фармаце. У прыярытэце таксама падтрымка беларускіх нефармальных адукацыйных арганізацый і ініцыятываў і кароткатэрміновых праектаў мерапрыемстваў, якія дзейнічаюць як у Беларусі, так і ў эміграцыі, афлайн і анлайн.
Праект “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” быў ініцыяваны Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь”, Офісам Святланы Ціханоўскай і Беларускай Радай Культуры. Ягоная афіцыйная прэзентацыя прайшла ў Вільні 12 студзеня 2023 года. “Васьміног” адкрывае новыя магчымасці для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў як унутры краіны, так і за мяжой. Праект фінансуецца Еўракамісіяй.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: