Маладых кінематаграфістаў чакаюць у Мінкульце і на кінастудыі «Беларусьфільм». Незвычайная аб’ява з такім запрашэннем з’явілася ў тэлеграм-канале ведамства. Здзіўляе «крэатыўны падыход» у паведамленні і сяброўская інтанацыя.
«У беларускім кінематографе ёсць чатыры элементы поспеху: грошы, база і тэхналогіі «Беларусьфільм», сяброўскі да беларускага кіно пракат і падтрымка СМІ. Для таго, каб яны спрацавалі, патрэбны пяты элемент — талент і крэатыў!» — абмалёўваецца ў аб’яве нібыта спрыяльная для беларускага кінематографа глеба і зацікаўленасць ведамства ў людзях.
«Таму з 23 снежня і далей кожную суботу з 10 да 14 гадзін начальнік аддзела па кінематаграфіі Ірына Дрыга чакае з ідэямі і праектамі маладых, таленавітых і працавітых аўтараў, рэжысёраў і прадзюсараў з праектамі, якія яны хочуць рэалізаваць на базе галоўнай кінастудыі, — даводзіцца ў паведамленні. — Прыярытэт — у праектах патрыятычнай і сацыяльна важнай тэматыкі».
Забаўна, што ў аб’яве патэнцыйнаму аўтару ў час наведвання міністэрства прапаноўваецца назваць пароль — «Пяты элемент».
Нагадаем, што за апошнія гады «галоўная кінастудыя» краіны значна страціла ў сваім кадравым складзе — таленавітыя і вядомыя кінематаграфісты былі пазбаўлены працы па ідэалагічных прычынах, іх праекты — скасаваныя. У выніку той жа разрэкламаваны на ўсіх кутах прапагандысцкі фільм «На іншым беразе» здымаў расійскі рэжысёр Андрэй Хрулёў, галоўныя ролі ў ім выконвалі пераважна расійскія акцёры. Нечаканым выратаваннем для справаздачы чыноўнікаў стала камедыя «Кіношнікі» беларускага рэжысёра Кірыла Халецкага, але яна не закрывае абяцаныя лічбы па вытворчасці фільмаў. Такім чынам, ведамства спрабуе зараз знайсці новыя кадры на месца звольненых — адсюль і «сяброўскі тон», і абяцанне магчымасцяў. Але адсылка да жыватворнага «пятага элементу», які ўзгадваецца ў аб’яве, выглядае недарэчна і здзекліва: сваё кіно ў актуальных варунках жорсткай цэнзуры маладому аўтару зрабіць не дадуць — не тая палітыка і абставіны.