Volski, Dzieciuki, Relikt, «Разбітае Сэрца Пацана», Nochy — трэці фестываль беларускай музыкі GRAJ, які стартуе ўжо сёння, 7 верасня, у сваёй вячэрняй праграме абяцае сустрэчу з вядомымі беларускімі гуртамі. Аднак адметнасцю музычнага форуму з’яўляецца і вольная сцэна, на якой іграюць маладыя выканаўцы. Пачатак яе працы ўжо зусім хутка — а 15.00. Хэдлайнерамі маладых і дзёрзкіх стане гурт Kurwadziki.
Нагадаем, што ў жніўні ладзіўся адборачны конкурс маладых артыстаў на фестываль. Планавалася, што пераможца конкурсу маладых выканаўцаў выступіць на галоўнай сцэне разам з зорнымі беларускімі музыкамі і яшчэ 6 выканаўцаў, абраных прафесійным журы, зайграюць на сцэне для маладых. Вынік конкурсу і можна будзе ўбачыць сёння на летняй пляцоўцы варшаўскага Odessa Club. Сярод тых, каго варта паслухаць абавязкова, сувядучы падзеі Аляксей Сапрыкін і суарганізатарка фэсту Інэс Сянкевіч вылучаюць Olia Shnip Band, «Мой дзядзя Азнавур», рок-гурт «Парадокс» з Украіны, метал-бэнд «Торн» ды іншых.
Таксама падчас фэсту можна будзе пачаставацца на фудкорце альбо набыць цікавую і эксклюзіўную рэч на арт-маркеце (карціны беларускіх мастакоў, адзенне, аксэсуары, сувеніры з нацыянальнай сімволікай і г.д.), абяцаюць арганізатары.
Фестываль беларускай музыкі GRAJ першы раз адбыўся ў 2022 годзе. Яго мэта — падтрымаць беларускіх музыкаў, якія пацярпелі ад рэжыму: частка сродкаў ад імпрэзы скіравана ў дапамогу творцам. У першай эдыцыі выступалі: Лявон Вольскі, Юры Стыльскi («Дай Дарогу»), Наста Шпакоўская (NAKA), Аляксандр Памiдораў, Алесь Дзянiсаў (Dzieciuki), Atesta. Маладыя выканаўцы Marny Los, Саша Васілеўская, Юстына і Бартосікі, Znak Stop, Graphotype, 23:34 Music Band склалі лайнап вольнай сцэны.
Час і месца правядзення трэцяй эдыцыі GRAJ — 7 верасня, 15.00, Odessa Club (ul. Kolejowa, 8/10). Набыць квіткі на імпрэзу можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram