Абмеркаванне падчас Форуму культурніціх арганізацый у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Фота: Аліна Герашчанка.
Магчымасці сумеснай супрацы, фінансаванне культуры і прамоцыю яе дасягненняў абмеркавалі на Форуме культурніцкіх арганізацый менеджары сектара. Падзея, якая прайшла 15–17 студзеня ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве, сабрала прадстаўнікоў каля 20 незалежных культурніцкіх інстытуцый.
Гэта ўжо трэці культурніцкі форум, які ладзіцца на розных пляцоўках і ў розных гарадах — гэтым разам да ўдзельнікаў аб’яднання ў Музеі Вольнай Беларусі далучыліся новыя чальцы.
У працы мерапрыемства прынялі ўдзел прадстаўнікі: Беларускай Рады культуры, Беларускага ПЭНа, Музея Вольнай Беларусі, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні, фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, Беларускага Свабоднага тэатра, праекта «Беларускія Магістраты», грамадскай арганізацыі «Годна», культурна-асветніцкага партала Budzma.org, выдавецтва Gutenberg Publisher, Беларускага інстытута публічнай гісторыі, Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», Беларускай сеткі фільммейкераў, праекта «Культурны фронт» (Reform.news), Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, медыя Sekktor.Online, Беларускага інстытута тэатра ды іншых інстытуцый.
Нагадаем, што ініцыятыва стварэння Форуму належыць Беларускай Радзе культуры. Мэта сходу — сінхранізацыя дзейнасці культурных арганізацый, абмеркаванне пытанняў стратэгічнага развіцця, фінансавання і прамоцыі культуры, а таксама стварэнне прасторы для ўзаемападтрымкі.
Падчас першага дня ўдзельнікі зверылі культурніцкія «гадзіннікі»: абмалявалі бягучыя выклікі, якія паўсталі перад арганізацыямі, а таксама падвялі вынікі за апошнія паўгода.
Другі дзень быў найбольш насычаным: на парадку дня стаяў аналіз мінулых і актуальных планаў, магчымасці сумесных праектаў. Абмяркоўваліся межы супрацы паміж незалежнымі інстытуцыямі: супрацоўніцтва — гэта патрэба ці опцыя? Якія знешнія дзеянні можна зрабіць сумесна? Як сінхранізавацца ўнутры поля з найбольшай карысцю?
На мінулым форуме ўдзельнікі звярталіся да такога фармату дыскусіі, як «пражарка» — калі прадстаўнік арганізацыі атрымлівае фідбэк і канструктыўную крытыку сваёй дзейнасці ад калег. Гэтым разам «пражарка» атрымалася «medium»: вострай крытыкі не было, фармат дазволіў хутчэй даведацца больш пра дзейнасць саміх арганізацый і асаблівасці поля, у якім яны працуюць.
Таксама ў асобным блоку менеджары падзяліліся сваімі працоўнымі набыткамі і лайфхакамі. У прыватнасці, абмяркоўваліся змены ў польскім заканадаўстве, на якія варта звярнуць увагу. На трэці дзень у фокусе ўвагі апынулася тэма магчымасцяў, межаў і ўмоў фінансавання культуры з боку бізнесу.
У цэлым, трэці Форум культурніцкіх арганізацый можна назваць адным з найбольш адкрытых, жывых і канструктыўных. Удзельнікі азначылі прастору бяспекі і даверу, якую ўдалося пабудаваць як арганізатарам падзеі, так і самім прадстаўнікам культурніцкага сектара.
Плануецца, што Форум культурніцкіх арганізацый будзе ладзіцца раз на паўгады. Далучыцца да мерапрыемства можна, запоўніўшы адпаведную форму.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram