15 снежня ў Беластоку на пляцоўцы Nie Teatr адбудзецца прэзентацыя кнігі псіхолага Вольгі Вялічкі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме». У ёй адмыслоўца сабрала гісторыі, казкі і сны беларускіх дзяцей, чые бацькі былі затрыманыя па палітычных матывах. Прэзентацыю выдання будзе суправаджаць выстава графічных ілюстрацый да кнігі — іх аўтар Святан Птах.
«Каля двух гадоў я збірала гісторыі, мары, сны і казкі беларускіх дзяцей, якім выпала даведацца пра рэвалюцыю, турму і палітыку, — распавяла пра сваю кнігу ў сацыяльных сетках Вольга Вялічка. — У кніжцы сабраныя іх уяўленні пра ўсё тое, што адбываецца з намі. У выданні апісаныя некаторыя адрозненні ад бачання дарослых: дзеці ўмеюць нават самыя цяжкія моманты і выпрабаванні праходзіць з нейкай непасрэднасцю, верай і надзеяй», — дадае яна.
Аўтарка падзялілася, што вялікую ролю ў з’яўленні кнігі адыграла Святлана Алексіевіч.
«Пісьменніца была першай, хто прачытаў мае тады яшчэ заметкі з памылкамі і апіскамі», — адзначае яна. Святлана Алексіевіч напісала і прадмову да выдання.
Псіхолаг прызнаецца, што ніколі не марыла, што напіша кнігу. Але гісторыі, якімі дзяліліся з ёй малыя і падлеткі, падштурхнулі яе зафіксаваць актуальную карціну свету вачыма дзяцей.
Кніга выходзіць у выдавецтве Gutenberg, неўзабаве інфармацыя пра выданне з’явіцца на старонцы выдавецтва.
Пакуль жа аўтарка запрашае грамаду на прэзентацыю, якая адбудзецца ў беластоцкім Nie Teatr 15 снежня а 18.30 па адрасе вуліца Сянкевіча, 4. Грошы ад продажу кнігу пойдуць на падтрымку дзяцей палітзняволеных.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram