«Я нармальны, але я не норміс»: праект «Твары» і медыя K6 аб’ядноўваюцца і выпускаюць фільм пра Мікіту Арлова

Беларускае музычнае медыя K6, вядомае сваімі студыйнымі live-сесіямі і канцэртамі, і дакументальны праект «Твары» аб’ядноўваюцца. Ад цяпер праект пра беларускіх творцаў афіцыйна пераязджае на платформу K6, дзе стане адным з двух ключавых шоў (побач з K6 Live), а другі сезон каманды рыхтуюць ужо супольна.

Першым рэлізам у межах супрацы стане вялікі фільм-інтэрв’ю з музыкантам Мікітам Арловым (Applepicker, гурт СОЮЗ), які выходзіць 23 жніўня. У гэты ж дзень у варшаўскім клубе Spatif адбудзецца спецыяльная прэм’ера з праглядам і канцэртам.

Мікіта Арлоў. Фота прадастаўлена К6.

Пра героя і выпуск

Мікіта Арлоў — адна з ключавых постацей беларускай незалежнай сцэны: музыкант-мультыінструменталіст, кампазітар і гуказдымшчык, вядомы па сольным праекце Applepicker, удзеле ў гурце СОЮЗ і сумеснай працы з дзясяткам іншых музычных калектываў.

Новы паўтарагадзінны выпуск — гэта шчырая размова пра дзяцінства ў Пінску, дабрыню, свабоду і творчыя затыкі. Здымачная каманда пабывала ў Мікіты дома і на студыі, наведала яго канцэрты і інтэрактыўны музей кампутарных гульняў у Варшаве.

«Я нармальны, але я не норміс», — каротка характарызуе свой светапогляд сам Мікіта Арлоў.

Фота прадастаўлена К6.

Прэм’ера-падзея ў Варшаве

23 жніўня ў варшаўскім клубе Spatif (Al. Ujazdowskie 45) пройдзе афлайн-прэм’ера з удзелам каманды.

А 16:30 адбудзецца супольны прагляд фільма на вялікім экране (уваход за free donation).

Увечары — вялікі канцэрт аднаго з гуртоў Мікіты Арлова (квіткі на сайце Spatif).

У гэты ж дзень а 18:00 эпізод з’явіцца ў вольным доступе на YouTube-канале K6.

Фота прадастаўлена К6.

Даведка пра стваральнікаў

«Твары» — дакументальны праект, мэта якога — паказваць незалежную сцэну і захоўваць імёны ды думкі выбітных творцаў.

K6 — медыяплатформа, якая развівае беларускую культуру праз студыйныя сесіі (K6 Live), дакументалістыку («Твары»), арганiзацыю канцэртаў і калабарацыі. Падтрымаць праект можна на 4fund.com/yd78w5.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!