Тэлеграм-канал Міністэрства культуры даў справаздачу са сходу калектыву тэатра імя Янкі Купалы з нагоды пачатку новага тэатральнага сезона.
У рабоце сходу прыняла ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Ірына Дрыга. У сваім выступе, піша тэлеграм-канал Міністэрства культуры, — «яна падвяла вынікі работы тэатра ў мінулым сезоне, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць павышэння ўдзельнай вагі ўласных даходаў у агульным аб’ёме расходаў тэатра, пашырэння геаграфіі замежных гастроляў, падтрымання спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве і неабходнасць узбагачэння рэпертуару спектаклямі патрыятычнай тэматыкі».
104-ты сезон тэатра пачнецца паказам «Паўлінкі».
У новым сезоне плануецца прадставіць гледачу не менш за 4 новыя пастаноўкі. Адной з прэм’ер будзе спектакль «Двор майго дзяцінства» рэжысёра Данііла Філіповіча, ода гораду Мінску. «Глядач убачыць Мінск вачыма маленькага хлопчыка і акунецца ў цёплую атмасферу настальгіі», — пішуць на сайце тэатра.
Сярод прэм’ер у верасні заяўлены трагікамедыя па матывах Уільяма Шэкспіра «Рамэа і Джульета» і музычнае прадстаўленне «Музыка душы. Роднае», «складзенае з мелодый, якія добра знаёмы кожнаму з нас з самага дзяцінства», — паведамляецца ў анатацыі да музычнага перформенсу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram