Дваццаць дзве кнігі беларускіх аўтараў і аўтарак увайшлі сёлета ў поўны спіс адной з найгалоўнейшых узнагарод беларускай літаратуры — Прэміі Ежы Гедройця. Сёлетная эдыцыя Прэміі ладзіцца ўжо ў пятнаццаты раз.
«Сёлетні поўны спіс прэміі імя Ежы Гедройця адлюстроўвае разнастайнасць сучаснай беларускай літаратуры – ад раманаў і рэпартажаў да эсэістыкі і эксперыментальных тэкстаў. У спіс увайшлі кнігі, выдадзеныя ў розных краінах і фарматах, часам пад псеўданімамі. У некаторых выпадках сапраўдныя імёны і назвы твораў раскрываюцца толькі для журы, што адлюстроўвае спецыфіку сучаснага літаратурнага працэсу і ўмовы, у якіх ён адбываецца», — адзначаюць арганізатары ўзнагароды — Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Гэтым разам у склад публічнага журы ўвайшлі вядомыя крытыкі, аўтары і перакладчыкі: пісьменнік, культуролаг, рэдактар, Сяргей Календа, беларускі журналіст і літаратар, лаўрэат прэміі Гедройця мінулага года Сяргей Дубавец, перакладчыца, рэдактарка і літаратуразнаўца Яана Бэрнатовіч, беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў, пісьменніца, перакладчыца і літаратуразнаўца Ганна Янкута.
Кнігі, уключаныя ў поўны спіс, былі выдадзены як у Беларусі, так і за яе межамі – у Польшчы, Літве ды іншых краінах. Прэмія традыцыйна адзначае кнігі, што вызначаюцца мастацкай якасцю, інтэлектуальнай глыбінёй і здольнасцю асэнсоўваць актуальныя выклікі часу.
Поўны спіс прэміі ў 2026 годзе выглядае так:
- «Ніці» – Макар (Янушкевіч, 2025)
- «Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер» – Зміцер Вішнёў (Skaryna Press, 2025)
- «Вера – дачка флібусцьера» – Валянцін Вяркееў (Gutenberg Publisher, 2025)
- «Цесля жыцця» – Сяргей Дубаўцэвіч (зашыфраваны ўдзел)
- «Пляц» – Зміцер Залозны (зашыфраваны ўдзел)
- «Дамашаны» – Антон Зарэмба (зашыфраваны ўдзел)
- «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» – Ганна Кандрацюк (Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, 2025)
- «Халодныя землі» – Аляксандр Карнаўх (Gutenberg Publisher, 2025)
- «Лірнік» – Аляксандр Касцюковіч (зашыфраваны ўдзел)
- «Хто ты, дрон?» – Ганна Кручкова (Gutenberg Publisher, 2025)
- «Mosa» – Зміцер Крэс (Логвінаў, 2025)
- «Значныя дні» – Цімур Кудзеліч (Skaryna Press, 2025)
- «Гульня ў Освальда. Quest» – Аляксандар Лукашук (Kamunikat.org, 2025)
- «Яблык у валізцы» – Уладзіслаў Наважылаў (Grunwald Publishing, 2025)
- «Дагарала кастрышча» – Язэп Панямонскіх (зашыфраваны ўдзел)
- «Эйфарыя» – Марыя Пархімчык (Пфляўмбаўм, 2025)
- «Цягнік да Познаня» – Аляксей Правалоцкі (Gutenberg Publisher, 2025)
- «Радзіна» – Збых Слупоўскі (Галіяфы, Maraton, 2025)
- «Боў і смерць у Хротне» – Дзяніс Трусаў (Kamunikat.org, 2025)
- «Раз два тры чатыры два» – Пётр Уманскі (RozUM Media, 2025)
- «Пентаквантар» (кнігі 1 і 2) – Арцём Шуканаў (Gutenberg Publisher, 2025)
- «Спроба эксперыментальнага канструявання сябе» (кнігі 1 і 2) – Макс Шчур (SayBeat, 2025)
Наступным этапам стане фармаванне доўгага спісу, у які ўвойдуць найбольш моцныя, паводле ацэнкі журы, творы. Фіналісты будуць абвешчаны асобна.
Фінальная цырымонія ўзнагароджання пераможцы стане адной з ключавых падзей літаратурнага года і адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
