На другі дзень паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» былі абвешчаны лаўрэаты Прэміі Цёткі за найлепшыя кнігі для дзяцей і падлеткаў за 2022 год.
Мастачка Лілія Бусарава перамагла ў намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» з ілюстрацыямі да кнігі «Мой рыжы Бім» аўтарства Эдзі Агняцвет.
Дзякуючы ілюстрацыям Ліліі Бусаравай лепшыя творы вядомай паэткі Эдзі Агняцвет загучалі па-іншаму, акрамя таго, многія ілюстрацыі маюць уласны сюжэт, што пашырае вобразны свет паэзіі. Маляваныя словы, якіх шмат у кнізе, робяць выданне яшчэ больш дынамічным.
Паэт і перакладчык Антон Францішак Брыль, які напісаў вершаваныя «Мышыныя Каляды» – казку пра тое, як маленькія мышаняты зладзілі на гарышчы вялікую забаву на старадаўні лад, — перамог у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў».
Нагадаем, што паэт, перакладчык, празаік, гісторык літаратуры Антон Францішак Брыль таксама лаўрэат прэміі часопіса «ПрайдзіСвет» (2011) і прэміі імя Карласа Шэрмана (2019).
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года і традыцыйна прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную на беларускай мове, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram