Reform.news

Аўтар быхаўскай «Жанчыны-маці» дапрацоўвае свой «шэдэўр». Мясцовыя ўлады заявілі, што скульптура не адпавядае эскізу

Reform.news · 16 ноября 2026, 19:55

https://reform.news/a-tar-byha-skaj-zhanchyny-maci-dapraco-vae-svoj-shjedje-r-mjascovyja-lady-zajavili-shto-skulptura-ne-adpavjadae-jeskizu/

На дзяржаўным канале СТВ паказалі сюжэт, як пасля «хвалі хэйту» мастак Аляксандр Мінькоў перароблівае скульптуру «Жанчыне-маці» ў быхаўскім гарадскім парку.

Гранітная жанчына атрымалася з ненатуральна вывернутай шыяй і перакошаным тварам, таму карыстальнікі сацсетак раскрытыкавалі скульптуру і зладзілі флэшмоб, падчас якога посцілі фатаграфіі, каб паказаць, што беларуская жанчына выглядае інакш.

Загадчыца сектара культуры Быхаўскага райвыканкама Людміла Кечык паведаміла, што падчас адкрыцця помніка высветлілася, што гранітная скульптура не адпавядае зацверджанаму эскізу.

Мінькоў у сюжэце тэлеканала заявіў, што рабіў помнік як «побытавую» работу і не за грошы. А ў праблеме са скрыўленай шыяй вінаватыя валасы жанчыны. «Узяў адну касу сюды пусціў, другую туды, і тут ўтварыліся валасы. Таму шыю там немагчыма зрабіць. І пайшоў такі ход, што нахіл крыху павялічыў. З ракурсу прама яна глядзіцца нібы прылепленая, з іншых ракурсаў яна нармальная», – тлумачыць скульптар. Зрабіць ногі жанчыне таксама было цяжка: тут перашкаджала спадніца.

Мінькоў сказаў, што каб стварыць шэдэўр, які рабіў Мікеланджэла, яму трэба «круглую суму і год у запасе». Дарэчы, «Давідам» Мікеланджэла  таксама не ўсе былі задаволеныя, – дадаў непрызнаны творца.

На думку нашага эксперта, скульптуру пераробліваць не варта было, трэба проста забараніць людзям доступ да няправільных ракурсаў.

А наш іншы суразмоўца мяркуе, што «чыноўнік ад культуры не ўбачыць розніцу паміж добрым і не вельмі добрым. Тут розніца ўжо паміж не вельмі добрым і дрэнным. Але хутчэй за ўсё начальнікам наогул абыякава, галоўнае, што бясплатна, тэма ў трэндзе і мастак не ў спісах (а гэта амаль галоўнае). Яны магчыма нават здзівіліся: дык а ў чым кіпіш? Шчыра здзівіліся. Гэта відавочная дэградацыя. Але закальцую: такое было заўсёды. Проста інтэрнэт стаў хутчэй усё гэта выкідаць вонкі».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий