«Прарасце ў абрысах зубра Альбарутэнія»: у Варшаве прэм’ерай праекта «Філаматы» распачаўся фестываль «Прадмова» — відэа
Reform.news · 13 ноября 2026, 08:06
https://reform.news/prarascze-abrysah-zubra-albaruteniya-u-varshave-premeraj-praekta-filamaty-raspacha-sya-festyval-pradmova/Увечары 12 лістапада ў зале SZEKSPIR Урсынаўскага цэнтра культуры «Alternatywy» музычна-тэатралізаванай прэзентацыяй праекта Filamaty распачаўся фестываль «Прадмова». Варшаўская прэм’ера альбома аб’яднала музыкантаў гуртоў Relikt і Syndrom Samazvanca — Алеся Дземідзенку, Змітра Наркевіча, Віталя Макшуна і Уладзя Лянкевіча.
Гэта быў не проста канцэрт, а перфарматыўнае дзеянне са светлавымі эфектамі, відэапраекцыямі і стылізаванымі вобразамі музыкантаў у цыліндрах. Іранічны і адначасова арыстакратычны праект спалучае паэзію Уладзя Лянкевіча са складанай, амаль прагрэсіў-рокавай музычнай структурай — каб увайсці ў гэты матэрыял, слухачу патрэбна засяроджанасць, якая ў выніку ўзнагароджваецца моцным уражаннем.


Нагадаем, што Таварыства філаматаў — гэта тайная студэнцкая арганізацыя, якая ўзнікла ў 1817 годзе ў Віленскім універсітэце. Яе ўдзельнікі, сярод якіх быў Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, выступалі за асветніцтва і нацыянальную свабоду, за што пазней былі рэпрэсаваныя царскімі ўладамі. Музыкі «Філіматаў» натхняліся гісторыяй гэтых асветнікаў і патрыётаў.
У праекце гістарычны вопыт наўпрост пераклікаецца з сучаснасцю — ад царскіх турмаў да сённяшніх «Воўчых Нор» у песні «Čornaja Piatnica» («Як гэта мы ад банальнай «чорнай пятніцы» дайшлі да «крывавай нядзелі»?).

Ад чакання лістоў у ссылцы ў трэку «Пішаш-чакаеш» да прыгажэйшай «Albaruthenia», дзе скрозь попел прабіваецца вера ў адраджэнне.
«Ведай, старая Літва, альбо нічога, альбо…Праз магілы твае прарасце ў абрысах зубра Альбарутэнія», — гучаць радкі ў кампазіцыі. Albaruthenia — гэта лацінская назва Беларусі, якая панавала ў еўрапейскіх картах і дакументах з эпохі Рэнесансу (XVI–XVII стагоддзі).

Невялікія сцэнічныя сюжэты на фоне музыкантаў разыгралі акторы-купалаўцы (Кацярына Алейнікава, Міхась Зуй, Алег Гарбуз, рэжысёр-пастаноўшчык Аляксей Бурносенка), праводзячы паралелі паміж выгнаннікамі ХІХ стагоддзя і сучаснымі беларусамі ў эміграцыі.
У шэрагу кампазіцый да музыкантаў далучыўся дзіцячы хор «Мара» Беларускай школы мастацтваў імя Міколы Равенскага (дырыжорка — Дар’я Дзятко).

«Несвядомыя пачынальнікі» і тэксты «суцэльнай каўбасой»
Як распавёў пасля выступу музыка і аўтар тэкстаў Уладзь Лянкевіч, самай складанай задачай для яго як аўтараў тэкстаў было не ўласна напісанне радкоў, а пошук правільнай прызмы і інтанацыі:
— Рабіць прамую гістарычную рэканструкцыю ці нейкае лібрэта — гэта не маё, я гэтага не ўмею і не хацеў спрабаваць. Мне было важна злучыць тую старую гісторыю з асабістымі перажываннямі звычайнага беларуса, які жыве тут і цяпер. Самі тэксты, калі прачытаць іх у адрыве ад музыкі, часта не маюць роўнага песеннага памеру і звыклых рыфмаў, таму іх даводзілася перапісваць з пункту гледжання менавіта спеваў. Я пісаў іх умоўнай «суцэльнай каўбасой» і прыносіў на рэпетыцыі. І ўжо там, у дыялогу з музыкамі, мы шукалі, якія радкі падсвецяцца, пакладуцца на мелодыю і стануць прыпевамі.
Паводле Уладзя, нельга проста паставіць знак роўнасці паміж сучасным беларусам і чалавекам пачатку XIX стагоддзя — у філаматаў была зусім іншая ідэнтычнасць, яны адчувалі сябе літвінамі. Аднак менавіта яны сталі для нас «несвядомымі пачынальнікамі»:
— Яны адчувалі сваю адметнасць, і гэтая краёвасць, цікаўнасць да спадчыны менавіта гэтых земляў была для іх вельмі важнай. З аднаго боку, як этнограф і фалькларыст — той жа Ян Чачот; з другога — праз цікаўнасць да старадрукаў і гісторыі, ствараючы літаратуру на глебе мясцовых легендаў. Так яны пачалі адкрываць Беларусь і намацвалі абрысы таго, што потым стане намі, хаця на той момант было яшчэ незразумела, чым гэта будзе. Для мяне яны менавіта важныя як «несвядомыя пачынальнікі».
І хаця іхняя спадчына даволі спрэчная — пасля разгону таварыства ў кожнага склаўся свой лёс, нехта стаў выгнанцам, а нехта нават служыў імперыі, — іхнія каштоўнасці застаюцца для нас асновай. Гэта нейкае сяброўства, таварыства, гэтыя цноты, пашана да навукі, да Айчыны, да свайго краю… На той момант для іх гэта была ідэя адраджэння Рэчы Паспалітай, якая не так даўно была разбурана і падзелена. І вось гэты вобраз «забранага краю», безумоўна, прысутнічае — і нам, сучасным, ён вельмі зразумелы, тут няма чаго хаваць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
