Reform.news

«Гэта будзе адкладзены эфект»: старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай — пра зашыфраваных лаўрэатаў Гедройця

Reform.news · 8 ноября 2026, 19:13

https://reform.news/geta-budze-adkladzeny-efekt-u-toj-momant-kali-stane-magchymym-starshynya-belaruskaga-pena-taczczyana-nyadbaj-pra-zashyfravanyh-la-reata-gedrojczya/

Учора ўвечары, 7 лістапада, у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску адбылася цырымонія ўручэння Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Вынікі пакінулі публіку ў зале і чытачоў у выразнай збянтэжанасці: першае і другое месцы дасталіся творам, якія ўдзельнічалі ў конкурсе ў зашыфраваным выглядзе. З меркаванняў бяспекі сапраўдныя імёны аўтараў і назвы кніг пакуль не абвяшчаюцца.

Нагадаем, што першае месца атрымала кніга пад псеўданімам Аляксандр Касцюковіч і назвай-маскай «Лірнік» — з фармулёўкай журы «за высокае майстэрства валодання словам і глыбокую эмпатыю».

Другое месца здабыў твор «Цесля жыцця» пад псеўданімам Сяргей Дубаўцэвіч — «за сінтэз дакументальнага і мастацкага і плённае развіццё беларускай даследчыцкай прозы».

Трэцяе месца было прысуджана публічнаму аўтару — Арцёму Шуканаву за яго раман «Пентаквантар» (кнігі 1 і 2)  – «за яскравую мультыкультурную навукова-фантастычную сагу, якая пашырае жанравыя межы беларускай літаратуры».

У выніку склалася парадаксальная сітуацыя: галоўная літаратурная прэмія абвясціла пераможцаў, двух з якіх чытач пакуль не можа ні прачытаць, ні нават набыць. Спецыяльна для Reform.news старшыня Беларускага ПЭНа і суарганізатарка прэміі Таццяна Нядбай пракаментавала незвычайнае рашэнне журы і як арганізатары развязваюць гэтую сітуацыю. Творца адказала на пытанні «Культурнага фронту» ў Гданьску пасля цырымоніі ўзнагароджання.

Журы ацэньвала рэальныя кнігі

Тлумачачы логіку прысуджэння галоўных узнагарод, Таццяна Нядбай падкрэсліла аўтаномнасць журы і тое, што эксперты мелі доступ да першакрыніц:

«Журы не падпарадкоўваецца аргкамітэту і не падпарадкоўваецца, тым больш, старшыні ПЭНа, таму мне цяжка сказаць, як яно вырашылася. Я мяркую, што журы кіравалася выключна літаратурнымі вартасцямі твораў. У адрозненне ад мяне і ад чытачоў, журы, безумоўна, ведае, што хаваецца пад гэтымі імёнамі і пад гэтымі назвамі твораў — яны чыталі сапраўдныя, жывыя кнігі, якія былі пад сапраўднымі імёнамі. І засталіся ў перакананні, што гэтыя кнігі вартыя першага і другога месцаў. Вось так, і тут нам даводзіцца прымаць гэты вынік».

Бяспека ўнутры краіны vs. публічны прамоўшн

Прэмія Гедройця традыцыйна выконвае дзве ключавыя функцыі: адзначаць найлепшых і праматаваць беларускую кнігу для шырокага чытача. Падпольны статус першых дзвюх кніг ставіць задачу прамоўшану на паўзу, але арганізатары свядома пайшлі на гэты крок.

«Тут, я думаю, што мы робім свой выбар. Тут няма харошага рашэння. Мы робім свой выбар паміж тым, каб даваць магчымасць удзельнічаць усім чальцам літаратурнай супольнасці, для якіх нават гэта можа быць небяспечна ў прэміі (але што для нас важна вельмі), або кіравацца толькі меркаваннямі публічнасці і таго, што прэмія павінна абавязкова праматаваць кнігу», — адзначае Таццяна Нядбай.

Адказваючы на пытанне, як у такім выпадку чытачам знаёміцца з творамі-пераможцамі, Таццяна Нядбай зазначае, што вынікі прэміі атрымаюць адкладзеную ў часе вартасць:

«Так, прэмія павінна праматаваць кнігу. Але тут, я думаю, будзе такі адкладзены эфект — у той момант, калі гэта стане магчымым. Так, гэта ўжо не будзе навінка, але праз нейкую колькасць гадоў — спадзяюся, раней ці пазней — чытач, безумоўна, дазнаецца, што гэта былі за кнігі, якія занялі першае і другое месцы, і зможа нарэшце прачытаць іх. Альбо прачытае раней і будзе ведаць, што гэта былі першае і другое месцы», — адказала творца.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий