Reform.news

У бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта зладзілі выставу беларускіх выданняў канца XIX — пачатку XX стагоддзя

Reform.news · 24 октября 2026, 13:17

https://reform.news/u-biblijatjecy-varsha-skaga-niversitjeta-zladzili-vystavu-belaruskih-vydannja-kanca-xix-pachatku-xx-stagoddzja/

Унікальныя беларускія скарбы можна пабачыць у бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта, заўважыла Беларуская служба Польскага радыё. Гэта першыя выданні зборнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, працы Яўхіма Карскага, творы класічнай беларускай літаратуры і першыя нацыянальныя перыдычныя выданні надрукаваныя лацінкай, што захоўваюцца ў бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта.

Гэты збор дазваляе даследаваць развіццё беларускай мовы, літаратуры і нацыянальнага руху канца XIX — пачатку XX стагоддзя.

«Мы хацелі паказаць кнігі, звязаныя з Беларуссю і гісторыяй развіцця беларускага нацыянальнага руху, — расказаў кіраўнік аддзела выданняў ХІХ стагоддзя бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта Збігнеў Ольчак. — Гэта як навуковыя працы, так і літаратурныя творы, надрукаваныя кірыліцай і лацінкай, якую ў XIX стагоддзі даволі часта выкарыстоўвалі ў беларускіх выданнях. Сярод іх — працы прафесара Карскага, выдадзеныя ў часы Расійскай імперыі, а таксама першыя выданні твораў беларускіх паэтаў, у тым ліку Янкі Купалы. Прадстаўлены і расійскія афіцыйныя выданні канца ХІХ ст., прысвечаныя Расійскай Імперыі. Яны багата ілюстраваныя і сёння вельмі рэдка сустракаюцца ў публічных кнігазборах. Ад самага пачатку гэта былі раскошныя выданні. У нашай бібліятэцы яны захаваліся ў тым ліку дзякуючы яе дзяржаўнаму статусу ў XIX стагоддзі».

Фота: polskieradio

Сярод прадстаўленых навуковых прац — «Беларусы» Яўхіма Карскага і «Беларускі зборнік» Еўдакіма Раманава, «Мова беларуская» Язэпа Лёсіка з лацінкавым тытульным аркушам «Mova biełaruskaja», а таксама «Беларускі каляндар «Нашай нівы» на 1911 год».

Сярод кніг мастацкай літаратуры — «Дудар беларускі» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Купалавы «Жалейка», «Гусляр» і «Шляхам жыцця», а таксама «Песні-жальбы» Якуба Коласа. Гэтыя асобнікі даюць магчымасць параўнаць афармленне кніг, правапіс і выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінкі і кірыліцы.

Выставу ў бібіліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта падрыхтавалі да Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі», якая прайшла 19–20 кастрычніка з нагоды 70-годдзя Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий