Вясельныя традыцыі вёскі Дзяржынск Лельчыцкага раёна атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Reform.news · 29 сентября 2026, 19:37
https://reform.news/vjaselnyja-tradycyi-vjoski-dzjarzhynsk-lelchyckaga-rajona-atrymali-status-gistoryka-kulturnaj-kashto-nasci/На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады было прынята станоўчае рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнаму элементу «Вясельныя традыцыі» ў вёсцы Дзяржынск (гістарычная назва — Радзілавічы) Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

Мясцовыя традыцыйныя вясельныя абрады і звычаі захоўваюцца і перадаюцца жыхарамі з пакалення ў пакаленне. Іх уключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь будзе садзейнічаць далейшаму захаванню, вывучэнню і папулярызацыі ўнікальнай спадчыны.
Вясельныя традыцыі вёскі Дзяржынск Лельчыцкага раёна з’яўляюцца самабытнай часткай Усходнепалескага вясельнага комплексу. Дзякуючы геаграфічнай адасобленасці Палесся, многія старажытныя рытуалы, магічныя дзеянні і музычныя пласты захаваліся тут у найбольш поўным і архаічным выглядзе. У гэтым рэгіёне вясельныя песні часта мелі адценне галашэнняў, бо выхад дзяўчыны замуж атаясамліваўся з яе «смерцю» для свайго роду і «нараджэннем» у родзе чужым. Таксама на Лельчыччыне вельмі трывала захоўваўся культ продкаў — перад вяселлем ці адразу пасля вянчання маладыя маглі звяртацца з паклонам да памерлых сваякоў, просячы ў іх дабраслаўлення.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
